9 мая, Кіеў /Кар. БЕЛТА/. Конкурсная песня NaviBand прагучала ў еўравёсцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук увечары 8 мая выступілі перад паклоннікамі музычнага конкурсу "Еўрабачанне", жыхарамі Кіева і гасцямі ўкраінскай сталіцы, якія сабраліся ў еўравёсцы.
Беларусы выканалі песню са свайго рэпертуару "Бяжы" і конкурсную "Гісторыю майго жыцця". Першую кампазіцыю музыкантаў слухалі ўважліва, а другую падхапілі. Пасля выступлення артысты паразмаўлялі са слухачамі, якія выказалі падтрымку.
У Кіеве гэтымі днямі шмат паклоннікаў конкурсу "Еўрабачанне" і групы NaviBand з Беларусі. Падтрымаць музыкантаў напярэдадні вечарам прыйшоў і Саша Мінёнак - прадстаўнік краіны на дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2016".
Еўравёска
размясцілася на цэнтральнай вуліцы Кіева Крэшчаціку. Гэта самая вялікая фан-зона ў гісторыі "Еўрабачання". Рух у дні правядзення конкурсу ў гэтай частцы Крэшчаціка толькі пешаходны. Уваход у еўравёску свабодны з 12.00 да 22.00, у дні правядзення паўфіналаў і фіналу - да заканчэння шоу. Тут праходзяць выступленні ўкраінскіх музыкантаў і замежных артыстаў, тут жа будзе магчымасць убачыць трансляцыю конкурсных канцэртаў на вялікім экране.