25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'яўлены конкурс эскізных праектаў памятнага знака (мемарыяла) "Курапаты". Заяўкі прымаюцца да 26 красавіка ўключна. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.
Удзельнікамі конкурсу могуць быць скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю. "Заяўкі на ўдзел прадстаўляюцца да 26 красавіка па адрасе: Мінск, праспект Пераможцаў, 11, кабінет 308. Кантактны тэлефон: +375 17 203 91 31", - праінфармавалі ў міністэрстве.
Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены 25 красавіка не пазней, чым да 17.00 па адрасе: Мінск, вуліца Някрасава, 3, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі. Матэрыялы будуць разгледжаны журы на закрытым пасяджэнні не пазней за 1 мая.
"У бліжэйшы час будуць адкрыты дабрачынныя рахункі ў беларускіх рублях і замежнай валюце для збору сродкаў на стварэнне памятнага знака ў Курапатах", - дадалі ў міністэрстве.
Мэта конкурсу - пошук найбольш выразнага мастацкага ўвасаблення вобраза ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння. "Кампазіцыйнае і пластычнае выкананне памятнага знака (мемарыяла) павінна быць вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва, адлюстроўваць галоўную ідэю - увекавечання памяці ўсіх бязвінна загінулых ахвяр ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі", - растлумачылі ў Міністэрстве культуры.
Памятны знак павінен быць устаноўлены ва ўрочышчы Курапаты і лаканічна ўпісвацца ў ландшафт. "Дакладнае месца размяшчэння можа быць прапанавана ўдзельнікамі конкурсу з улікам асаблівасцей праекта і яго архітэктурна-пластычнага вырашэння, уключаючы прапановы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля памятнага знака", - адзначылі ў міністэрстве.
Падрабязная інфармацыя аб правядзенні конкурсу размешчана на афіцыйным сайце арганізатара, Міністэрства культуры, у рубрыцы "Конкурсы і мерапрыемствы".
Як паведамлялася, ініцыятыва па стварэнні памятнага знака ў Курапатах была агучана ў час круглага стала, праведзенага ў рэдакцыі газеты "СБ. Беларусь сегодня" 24 лютага бягучага года. Усе ўдзельнікі сышліся на думцы аб неабходнасці стварэння нацыянальнага мемарыяла смутку і памяці "Курапаты".