8 ліпеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Кнігу народных кулінарных рэцэптаў "Каля печы" прэзентуюць на свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), якое пройдзе 9-10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.
Гэта выданне ўяўляе сабой зборнік кулінарных рэцэптаў, якія былі запісаны са слоў жыхароў Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі абласнога краязнаўчага і рэгіянальных музеяў. Амаль сто рэцэптаў страў прадстаўлены ў раздзелах: "Рэдкія стравы", "Стравы з мукі", "Стравы з бульбы, гародніны і грыбоў", "Крупяныя стравы", "Мясныя стравы", "Стравы з малака і яек", "Соусы", "Напоі". У іх чытачы знойдуць не толькі звычайныя паўсядзённыя стравы, але і спецыфічныя абрадавыя такія, напрыклад, як "Перапечкі".
"Асаблівасці кухні Магілёўскага Падняпроўя ў адрозненні назваў і спосабаў гатавання страў, характэрных для беларускай кухні, - расказалі субяседнікі. - Шырока распаўсюджанай стравай беларусаў Падняпроўя быў кулеш з аржаной мукі. Традыцыйнай мучной стравай былі галушкі. На ўсходзе вобласці бытавала назва клёцкі. Пра старадаўняе паходжанне стравы ўскосна сведчыць той факт, што клёцкі былі памінальнай стравай у гэтым рэгіёне. Пра чалавека, які долга хварэў, гаварылі: "Клёцкі яму".
Былі на Падняпроўі і макароны - ламанцы, якія гатавалі з аржаной і грэцкай мукі. У другой палове ХІХ стагоддзя на Магілёўшчыне з'явілася і назва локшына. Значнае месца ў народнай кулінарыі займала агародніна: капуста, буракі, стравы з якіх мелі аднайменныя назвы. Яны не лічыліся самастойнымі, а падаваліся ў дадатак да хлеба. Нельга абмінуць і бульбяныя стравы. Бульба атрымала распаўсюджанне на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў пачатку ХVІІІ стагоддзя, але толькі ў канцы стагоддзя пачалі з'яўляцца асаблівыя бульбяныя стравы нацыянальнай кухні. Традыцыю выкарыстоўваць для гатавання драную бульбу перанялі ў Германіі. Асаблівай стравай Падняпроўя былі дранікі, якія выпякалі вялікімі, на ўсю патэльню, а таксама бульбяная бабка.
Асаблівасцю беларускай кухні з'яўляецца і прыгатаванне квасу на аснове соку (бярозавага, кляновага, з журавін і брусніц). На святы практыкавалі прыгатаванне піва. Варылі яго з ячменю, вар'іруючы ў розных прапорцыях склад кампанентаў і тэрміны вытрымкі. Вядома, гатавалі і такі традыцыйны напой як медавуху, прычым у кожнай мясцовасці быў свой рэцэпт прыгатавання гэтага слабаалкагольнага і карыснага напітку.
Прэзентацыя кнігі "Каля печы" адбудзецца на пляцоўцы "Друкарскi двор" 9 ліпеня.
Купальскія гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічай мясціне на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты - Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці - Магілёўскую і Віцебскую. У мінулым годзе Александрыя сабрала каля 70 тыс. гасцей. Чакаецца, што ў гэтым годзе прыгожае беларускае свята наведаюць яшчэ больш гасцей.