12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Кнігазбор Храптовічаў: на шляху вяртання" адкрыецца 15 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
"У Музеі кнігі НББ упершыню будуць прадстаўлены ўнікальныя экспанаты: перапіска XIX стагоддзя сям'і Храптовічаў і вернутыя з-за мяжы кнігі з іх знакамітай бібліятэкі ў Шчорсах", - адзначылі арганізатары.
Тры кнігі і перапіска прадстаўнікоў роду Храптовічаў былі вернуты ў Беларусь з Германіі ў лютым 2020 года і з таго часу захоўваліся ў Нацыянальнай бібліятэцы. "Вяртанне адбывалася намаганнямі дабрачыннага фонду "Шчорсы і Храптовічы". Некалі бібліятэка, якую пачынаў збіраць канцлер Іаахім Літавор Храптовіч у XVIII стагоддзі, лічылася адной з самых багатых ва Усходняй Еўропе", - падкрэслілі ў НББ.
"Як старадаўнія кнігі, так і перапіска на французскай мове з'яўляюцца надзвычай каштоўнымі помнікамі свайго часу, якія дагэтуль нідзе не публікаваліся і не дэманстраваліся публіцы. У мінулым годзе са згоды апошніх уладальнікаў знойдзеныя каштоўныя дакументы былі перададзены ў Беларусь", - расказалі арганізатары.
Падчас адкрыцця выставы адбудзецца афіцыйная перадача кніг і перапіскі Храптовічаў на захоўванне ў Нацыянальную бібліятэку.
Акрамя таго, прадстаўнікі НББ і дабрачыннага фонду раскажуць пра першы вопыт даследавання кніг і перапіскі Храптовічаў, звернуць увагу на іх значэнне для беларускай і сусветнай культуры, а таксама раскажуць пра новыя крокі ў вывучэнні гісторыі знакамітага роду, яго спадчыны ў Беларусі і за мяжой.
Таксама ў экспазіцыі будуць прадстаўлены мастацкія творы студэнтаў БНТУ, якія працавалі валанцёрамі ў летніх лагерах па добраўпарадкаванні маёнтка Храптовічаў у Шчорсах у 2018-2019 гадах.
Выстава будзе адкрыта да 30 красавіка.