5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія адкрыцця 22-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" адбудзецца 6 лістапада ў кінатэатры "Масква", паведамілі БЕЛТА арганізатары форуму.
У 18.30 у фае кінатэатра "Масква" пачнуць прыбываць госці. Вера Палякова і Дзяніс Паршын - вядучыя цырымоніі - запросяць іх на фотасесію. Вакальная група "Камерата" выканае хіты сусветнага джаза.
Таксама пройдзе модны паказ. Зоркі беларускай эстрады і мадэлі ва ўбранні ад моднага дызайнера Мікалая Марозава прадэфіліруюць па подыуме. Яны прадставяць калекцыю восень-зіма 2015/16.
Урачыстая цырымонія пачнецца ў 19.00. Святочны настрой створаць Карэн Карапецян, музыканты The Unlimited Trio, Аляксандра Гайдук. Будзе ўручаны спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве".
Чакаецца, што цырымонію наведае спецыяльная госця фестывалю - французская актрыса і рэжысёр Фані Ардан.
Па традыцыі будзе разбіта талерка аб штатыў кінакамеры і афіцыйна абвешчана аб адкрыцці міжнароднага кінафестывалю. Завершыць цырымонію паказ фільма Гіёма Ніклу "Даліна кахання".
"Цырымонія адкрыцця - знакавая свецкая падзея беларускага кінажыцця. У адным месцы збяруцца беларускія зоркі кіно і сцэны, госці сусветнай кінаіндустрыі і гледачы. Усіх чакае незабыўнае відовішча для вачэй", - адзначыла рэжысёр Вераніка Янушэўская-Алтушац.