28 лютага, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Каранавірус у Беларусі выяўлены ў студэнта БНТУ, ВНУ пераводзіцца на індывідуальнае навучанне. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"ВНУ, у якой выявілі выпадак каранавіруса, пераводзіцца на індывідуальную праграму навучання. Гэта БНТУ", - сказаў міністр.
Паводле яго слоў, маладога чалавека выклікалі на абследаванне ў 33-ю паліклініку Мінска. На момант агляду ён скаргаў не прад'яўляў. "Але медыцынскіх работнікаў насцярожыла невялікая тэмпература, 37,3 градуса, пачырваненне ў горле. Ён быў дастаўлены ў інфекцыйную бальніцу, дзе былі ўзяты мазкі і пацверджана наяўнасць сямейства каранавірусаў. Цяпер мы ўдакладняем, наколькі гэта эпідэміялагічны штам", - праінфармаваў Уладзімір Каранік.
"Мы адразу ж прадэманстравалі адкрытасць і праінфармавалі грамадскасць і Сусветную арганізацыю аховы здароўя", - падкрэсліў міністр.