Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа. У час экскурсіі па сядзібе наведвальнікі не толькі ўбачаць стылізаваныя інтэр'еры, у якіх жылі знакамітыя ўладальнікі Яўстафій Прушынскі, Іван і Яўстафій Любанскія, але і даведаюцца пра іх лёсы, прывычкі, уклад жыцця, сакрэты, якія захоўваюць гэтыя сцены. Музычнымі ілюстрацыямі да экскурсіі стануць паланэз дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай", твор Напалеона Орды "Серэнада", п'еса са зборніка "Полацкі сшытак", творы нямецкага кампазітара-лірыка Іаганеса Брамса і рускага кампазітара-філосафа Аляксандра Скрабіна.
Калі: кожную нядзелю ў 15.00 і 17.00
Дзе: Музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск
Атмасферу легендарнага фестывалю ў Монтэ-Карла прывязуць у Мінск артысты італьянскай цыркавой дынастыі Тоні, якая лічыцца адной з найстарэйшых у Еўропе і налічвае ўжо 150 гадоў! Яе прадстаўнікі з'яўляюцца ўладальнікамі пяці ўзнагарод гэтага прэстыжнага спаборніцтва ў Манака, а ў студзені 2023-га іх нумар з удзелам залацістых бенгальскіх і белых тыграў стаў пераможцам фестывалю. Мінчане і госці сталіцы ўпершыню змогуць яго ўбачыць на галоўным манежы краіны. Таксама ў праграме "Віва Карнавал" выступяць стралкі з арбалета, акрабаты на батуце, жанглёры, эквілібрысты, наезнікі на конях, паветраныя гімнасты. Аўтарскія нумары прадставяць Яўген Камісарэнка ("Шоу каралеўскіх пудзеляў"), Асель Саралаева ("Дрэсіраваныя кошкі"), Аліхан Аліханаў ("Канатаходцы" і "Эквілібрысты на першах").
Калі: 23 верасня – 3 снежня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
Беларуская "Анталогія прыгажосці" – гэта каля 90 народных касцюмаў шасці этнаграфічных рэгіёнаў краіны, сярод якіх заходняе і ўсходняе Палессе, Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне, Цэнтральная Беларусь. Упершыню ў такім маштабе выстава ўбачыла свет у Нацыянальным мастацкім музеі ў рамках штогадовай акцыі "Вераснёвая ноч". Гасцям прадстаўлена амаль 1000 экспанатаў – народнае адзенне, дамашнія рэчы, эскізы і архіўныя фатаграфіі, якія адлюстроўваюць яркія рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці народнага касцюма, як жаночага, так і мужчынскага. Дапоўнілі экспазіцыю творы традыцыйнага беларускага ткацтва, арыгінальная і тыражная графіка, беларускі жывапіс са збору нацыянальнай скарбніцы.
Калі: 9 верасня – 11 снежня
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. К. Маркса, 24, Мінск
Фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі" адкрывае 28-ы сезон і запрашае знатакоў класікі наведаць вечары ў канцэртнай зале полацкага Сафійскага сабора. Адкрыццё форуму адбудзецца 22 кастрычніка канцэртам знакамітай арганісткі заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай і камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам маэстра Раіля Садыкава. Прадоўжаць праграму "Музычныя калекцыі" салісткі Кацярыны Мельнікавай (Расія), юбілейны канцэрт да 35-годдзя творчай дзейнасці Ксеніі Пагарэлай, канцэрт "Вечная прыгажосць" пры ўдзеле ансамбля салістаў Архікафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Панны Марыі. Фінальным акордам фестывалю-2023 стане лістападаўскі вечар "Я бачу цябе ў тысячах вобразаў..." ад арганісткі Кацярыны Івановай і вакалісткі Таццяны Сучковай-Гаўрыілавай.
Калі: 22 кастрычніка – 19 лістапада
Дзе: Сафійскі сабор, Полацк, Віцебская вобласць
"Беларуская музычная восень" 49-ы раз аб'яднае знатакоў вечнай класікі і прадставіць публіцы лепшыя ўзоры сусветнай музычнай спадчыны. Лістападаўскую праграму адкрые прэм'ера новага праекта творчага тандэма рэжысёра Арцёма Еўсіевіча і салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Вольгі Калеснікавай – шоу "Ад The Beatles да Queen". Гледачоў чакае калейдаскоп фартэпіянных, сімфанічных і арганных вечароў, у прыватнасці прысвечаных творчасці выдатных кампазітараў і выканаўцаў розных эпох – Пятру Чайкоўскаму, Івану Салярцінскаму і Дзмітрыю Шастаковічу, Ісааку і Максіму Дунаеўскім, Мусліму Магамаеву і Ганне Герман…
Праграма фестывалю "Беларуская музычная восень"-2023:
1 лістапада – "Ад The Beatles да Queen"
3 лістапада – "Жамчужыны класікі XVIII стагоддзя"
8 лістапада – "Дзмітрый Шастаковіч. Партытура памяці"
9 лістапада – "Нараджэнне гуку" да 35-годдзя Дзяржаўнага камернага хору Беларусі
9 лістапада – вечар вакальнай і фартэпіяннай музыкі "Музыка без меж"
10 лістапада – "Бацька і сын. Ісаак і Максім Дунаеўскія"
15 лістапада – "Французскі бульвар"
16 лістапада – музычна-драматычны вечар "Пісьмы да сябра. І.І. Салярцінскі і Д.Д. Шастаковіч"
21 лістапада – "Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва"
23 лістапада – "З любоўю да Беларусі" да 90-годдзя Беларускага саюза кампазітараў
26 лістапада – камерны ансамбль "Салісты Масквы"
29 лістапада – "Ты – мая мелодыя. Муслім Магамаеў і Ганна Герман. Паралелі творчасці"
30 лістапада – "Любімая класіка: ад Чайкоўскага да Маркеса"
Калі: 12 кастрычніка – 30 лістапада
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск
Міжнародны дзень піяніста – 8 лістапада – запомніцца сустрэчай з фартэпіянным трыа BEL SUONO, адзіным такім калектывам, які выступае ў прагрэсіўным жанры класічнага красовера. У складзе ансамбля з больш як 10-гадовым творчым стажам – Кірыл Гушчын, Антон Масянкоў і Мікіта Хабін, якія на мінскай сцэне прадставяць новы альбом Universe ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. За вечар прагучаць больш за 20 узораў класічнай і сучаснай музыкі ў аўтарскай апрацоўцы, а таксама новыя кампазіцыі, напісаныя салістамі трыа спецыяльна для гэтага праекта.
Калі: 8 лістапада
Дзе: Палац Рэспублікі, пл. Кастрычніцкая, 1, Мінск
Пашыраную версію спектакля паводле аднаго з самых містычных раманаў ХХ стагоддзя – "Майстар і Маргарыта" – прадставіць рэжысёр Сяргей Алдонін. Пасля 50 паспяховых паказаў у ГІТІСе і на розных фестывалях у Маскве ён быў уключаны ў пастаянны рэпертуар маскоўскага Тэатра імя Станіслаўскага. Унікальнасць гэтай інтэрпрэтацыі ў тым, што ў яе ўплецены фрагменты з чарнавікоў рамана, што, на думку рэжысёра, дазваляе акцэнтаваць галоўныя тэмы, якія хвалявалі самога Міхаіла Булгакава. У ролях – Кацярына Клімава, Сяргей Алдонін, Піліп Бледны, Міхаіл Горскі, Цімур Арагвелідзэ…
Калі: 9 і 10 лістапада
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск
Міжнародная выстаўка-кірмаш "ПРАДЭКСПА" ўжо на працягу больш як 25 гадоў знаёміць з перадавымі тэхналогіямі вытворчасці ў харчовай індустрыі, папулярызуе новыя брэнды, напаўняе беларускі харчовы рынак якаснымі прадуктамі харчавання і напіткамі, садзейнічае міжнароднаму супрацоўніцтву і абмену вопытам вядучых вытворцаў індустрыі. Акрамя асноўнай экспазіцыі, прадугледжаны дзелавая праграма, перагаворы паміж рытэйлерамі, пастаўшчыкамі і вытворцамі, конкурсы-дэгустацыі, міжнародны сімпозіум хлебапёкаў, міжнародны кулінарны кубак, майстар-класы ад сусветна вядомых шэфаў.
Калі: 14–17 лістапада
Дзе: Футбольны манеж, пр. Пераможцаў 20/2, Мінск.
Internet Governance Forum – буйнейшая ў Беларусі адкрытая пляцоўка для абмеркавання актуальных аспектаў развіцця інтэрнэту, якая збірае больш за 300 удзельнікаў з усяго свету. Місія пятага па ліку форуму – аб'яднаць прадстаўнікоў дзяржавы, бізнесу, некамерцыйных арганізацый, тэхнічнай, акадэмічнай супольнасці, а таксама інтэрнэт-карыстальнікаў для абмену інфармацыяй і практычным вопытам, сумеснага пошуку рашэнняў у развіцці нацыянальнага сегмента сеткі. Напрыклад, у мінулыя гады абмяркоўваліся пытанні абароны персанальных даных, кібербяспекі, электроннага ўрада, інтэрнэту рэчаў, а рэкорднымі па колькасці ўдзельнікаў сталі секцыі кіравання рэпутацыяй і лічбавай дасведчанасці.
Калі: 15 лістапада
Дзе: Minsk Marriott Hotel, пр. Пераможцаў, 20, Мiнск
Gastrofest – гэта серыя ўжо любімых жыхарамі і гасцямі Беларусі гастранамічных фестываляў, якая аб'ядноўвае знатакоў смачнай ежы і якасных напіткаў. У кожнага фестывалю – свая тэматыка, але нязменнае правіла: установы-ўдзельніцы па ўсёй краіне прапануюць свае лепшыя сэты па фіксаваным кошце ў пэўны адрэзак часу.
Калі: 16 лістапада – 3 снежня
Дзе: Мінск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў
Rastrelli Cello Quartet – віяланчэльны квартэт, заснаваны ў 2002 годзе ў нямецкім Штутгарце Кірылам Краўцовым і Сяргеем Драбкіным. Да іх далучыліся таксама вучні Кірыла Краўцова – Міхаіл Дзегцяроў і Кірыл Цімафееў. За сваю больш як 20-гадовую гісторыю калектыў, названы ў гонар знакамітага архітэктара Барталамеа Растрэлі, даў больш за 900 канцэртаў у 30 краінах, удзельнічаў у шматлікіх фестывалях па ўсім свеце. Праграма мінскага вечара разнастайная: ад любімых "Ой, мароз, мароз!" і "Уздоўж па Піцерскай" да сусветнай спадчыны – твораў Чайкоўскага, Грыга, П'яцолы, Манчыні і мелодый з фільмаў "Ружовая пантэра", "Месячная рака", "Снеданне ў Тыфані" ў аранжыроўках Сяргея Драбкіна.
Калі, дзе:
16 лістапада – Гарадскі цэнтр культуры, вул. Ірынінская, 16, Гомель
17 лістапада – Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў, пр. Незалежнасці, 25, Мінск
Шоу-балет знакамітага харэографа Алы Духавай TODES вяртаецца ў Беларусь і на гэты раз прадставіць новы спектакль "Інзэнайт". Гэта яркая і пяшчотная, гарачая і энергічная, забаўная і іранічная пастаноўка, сюжэт якой пакуль трымаецца ў тайне. Фантастычныя касцюмы, відовішчныя нумары, сучасная харэаграфія, аўтарская музыка, інавацыйныя светлавыя і графічныя рашэнні і танцы на мяжы магчымага – арганізатары абяцаюць захапляльнае акунанне ў свет танцавальнага мастацтва!
Калі: 17 лістапада, 18.30
Дзе: Палац мастацтва, вул. Ульянаўская, д. 35/31, Бабруйск
Адзін з самых яркіх на прасторы СНД і буйнейшы ў Беларусі кінафорум – ММКФ "Лістапад" – на тыдзень збярэ ў Мінску вядомых акцёраў, рэжысёраў, аматараў мастацтва cinema. 29-ы па ліку фестываль адбудзецца пад слоганам "Ствараем будучыню". Акрамя асноўнага конкурсу ў яго праграму ўвойдуць секцыі ігравога і дакументальнага кіно, конкурс маладога кіно, а таксама адбудзецца конкурс дзіцячага і юнацкага кіно "Лістападзік". Акрамя таго, ММКФ дорыць шырокую праграму пазаконкурсных і рэтраспектыўных паказаў, сустрэчы, майстар-класы, выставы, вернісажы.
Калі: 17–24 лістапада
Дзе: кінатэатры Мінска
Даведацца падрабязней
Адразу два знакавыя спектаклі са свайго рэпертуару пакажуць на галоўнай сцэне Беларусі артысты з трупы Вялікага тэатра Расіі – оперу "Царская нявеста" і балет "Іван Грозны". Першыя два вечары адбудуцца пад кіраўніцтвам дырыжора Канстанціна Чудоўскага, другая серыя – у распараджэнні Паўла Клінічава. Дамоўленасць аб абменных гастролях была дасягнута яшчэ ў кастрычніку 2022-га. Тады ж на гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі беларуская трупа прадставіла нацыянальную оперу "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Солтана ў пастаноўцы Ганны Маторнай і балет "Шчаўкунок" Пятра Чайкоўскага ў пастаноўцы маэстра Валянціна Елізар'ева.
Калі: 22 і 23 лістапада; 25 і 26 лістапада
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
''Кіно з аркестрам'' – праект-прысвячэнне 100-годдзю з дня нараджэння легендарнага кінарэжысёра, народнага артыста СССР Леаніда Гайдая. ''Брыльянтавая рука'', ''Іван Васільевіч мяняе прафесію'', ''Каўказская палонніца, або Новыя прыгоды Шурыка'' – дзякуючы гэтым карцінам майстра ведаюць і цытуюць гледачы не аднаго пакалення. Гасцей вечара запрашаюць акунуцца ў любімыя кінастужкі пад музыку Аляксандра Зацэпіна ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М.Я. Фінберга. На экране будуць дэманстравацца кадры з фільмаў, гучаць любімыя ўсімі песні "Остров невезения", "Песня про зайцев", "Звенит январская вьюга", "Помоги мне", "Если б я был султан", "Где-то на белом свете" і іншыя ў выкананні Андрэя Міронава, Юрыя Нікуліна, Леаніда Кураўлёва, Наталлі Селязнёвай.
Калі: 23 лістапада
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск
Музычнае падарожжа ў мінулае зробяць госці знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы пад акампанемент лаўрэата міжнароднага конкурсу – струннага квартэта Вялікага тэатра Беларусі Vivat-Quartet. На сцэну выйдуць Аніта Малюгіна (скрыпка), Ірына Маслава (скрыпка), Уладзімір Купрыянаў (альт), Аляксандр Іваноў (віяланчэль), а таксама заслужаная артыстка Беларусі Юлія Шчарбакова (фартэпіяна), лаўрэат міжнароднага конкурсу Алена Шэўчык (вакал) і акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Максім Брагінец. Гледачы атрымаюць асалоду ад твораў, створаных у сценах замка, даведаюцца пра інтрыгуючыя падрабязнасці аб яго гаспадарах і кампазітарах, якія служылі і тварылі ў Нясвіжы, убачаць сваімі вачамі ажыўшыя карціны з мінулага.
Калі: 25 лістапада, 15.00
Дзе: Тэатральная зала, Нясвіжскі замак, вул. Ленінская, 19, Нясвіж
Фестываль народнай творчасці "Напеў зямлі маёй" 19-ы раз аб'яднае як прадстаўнікоў музычных калектываў, так і артыстаў-аматараў з розных раёнаў Мінскай вобласці. Адна з галоўных мэт форуму – захаванне мясцовай спадчыны і рэгіянальных цэнтраў народнай творчасці. Тым не менш, патрабаванні да канкурсантаў з кожным годам толькі растуць. У гэтым сезоне неабходнай умовай з'яўляецца прэзентацыя пастановачнага (арыгінальнага, неардынарнага) нумара з удзелам аднаго або больш аматарскіх калектываў мастацкай творчасці розных жанраў.
Калі: 25 лістапада
Дзе: Палац культуры імя Максіма Горкага, пр. Рэвалюцыі, 49, Барысаў
Маляўнічае вакальна-харэаграфічнае шоу, заснаванае на казачным фальклоры і абрадавых традыцыях Беларусі, прадставяць на гродзенскай сцэне артысты з мясцовага ансамбля танца, музыкі і песні "Белыя росы". Каларытныя харэаграфічныя і вакальныя нумары раскрываюць сучаснаму гледачу штодзённае жыццё прадстаўнікоў беларускага народа, іх светапогляд, ідэалы, каштоўнасці. Выразны анімацыйны відэакантэнт, аўтарскі красовер, спецэфекты і прафесійнае выканальніцкае майстэрства створаць яркія і непаўторныя фальклорныя вобразы, многім нагадаюць аб казачных героях родам з дзяцінства.
Калі: 30 лістапада
Дзе: Гродзенская абласная філармонія, вул. Гарнавых, 17, Гродна
Хор Валаамскага манастыра, створаны з нагоды аднаўлення і асвячэння ў жніўні 2005 года Спаса-Праабражэнскага сабора на востраве Валаам, адначасова з'яўляецца богаслужэбна-пеўчым і канцэртным творчым калектывам. Таму рэпертуар хору – песні, рамансы і духоўная музыка – прысвечаны тэме любові. Гледачы акунуцца ў атмасферу старажытных распеваў, якімі славіцца Валаамскі манастыр, а таксама пройдуць галоўнымі жыццёвымі шляхамі Хрыста – перанясуцца скрозь час на тэрыторыю Грэцыі, Сербіі і Аргенціны. У другой частцы праграмы прагучаць лепшыя творы з рэпертуару хору, прысвечаныя Веры ў Бога і любові да Радзімы.
Калі, дзе:
28 лістапада, 18.30 – Абласны грамадска-культурны цэнтр, вул. Камуністычная, 1, Брэст
29 лістапада, 19.00 – КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск
30 лістапада, 19.00 – Грамадска-культурны цэнтр, вул. Ланге, 17, Гомель