22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калядная акцыя "Нашы сэрцы - дзецям", якую Беларускі дзіцячы фонд праводзіць у рамках рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", ахопіць больш за 10 тыс. дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні.
У гэтым годзе Беларускі дзіцячы фонд, абласныя і раённыя аддзяленні правядуць больш за 100 свят і актыўных мерапрыемстваў. У час акцыі супрацоўнікі, актывісты і валанцёры Дзіцячага фонду павіншуюць дзяцей-сірот, выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу рэспублікі, дзяцей-інвалідаў і дзяцей, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, і тых, хто застаецца на лячэнні ў бальніцы і не можа сустрэць Новы год і Каляды ў асяроддзі сям'і і сяброў.
З пачаткам навагодняй акцыі 15 снежня стартаваў трэці рэспубліканскі дабрачынны марафон па зборы сродкаў для аказання дапамогі дзецям з захворваннем нейрабластома. Падтрымаць ініцыятыву можа любы жадаючы, пералічыўшы грошы на рахунак Беларускага дзіцячага фонду да 15 студзеня 2024 года.
Цэнтральны офіс фонду правёў ужо свята для дзяцей-сірот, выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Мінска, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей у Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры "Сілічы". Таксама для выхаванцаў з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу розных абласцей была арганізавана экскурсійная паездка ў маёнтак беларускага Дзеда Мароза.
Святы ўжо адбыліся ў бальніцах для пацыентаў кардыяхірургічнага аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі і дзіцячага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя. Набірае абароты пераднавагодні марафон у абласных аддзяленнях.
Дабрачынныя мерапрыемствы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі і валанцёрамі Беларускага дзіцячага фонду, прадоўжацца да 15 студзеня.