14 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Унікальныя кадры з гісторыі Фестывалю нацыянальных культур будуць прадстаўлены на фотавыставе БЕЛТА ў Гродне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў адной з залаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Старым замку пачне работу фотавыстава Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Імгненні стагоддзя". У экспазіцыі звыш 100 здымкаў, прысвечаных гісторыі Беларусі з 1918 года і да гэтага часу. У кожным з гарадоў выстава дапаўняецца невядомымі архіўнымі кадрамі з гісторыі рэгіёна.
Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з самымі яркімі момантамі Фестывалю нацыянальных культур, які праводзіцца ў Гродне з 1996 года, а таксама невядомымі раней здымкамі Аўгустоўскага канала. На экспазіцыі будуць прадстаўлены фатаграфіі гэтай унікальнай воднай артэрыі на сучасным этапе і эксклюзіўныя архіўныя чорна-белыя фотадакументы.
Здымкі, на якіх адлюстраваны самыя розныя падзеі, склалі вельмі яркі і выразны партрэт Беларусі і беларусаў мінулага стагоддзя. Экспазіцыя расказвае пра няпросты лёс краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне рэспублікі з руін, падзеі міжнароднага значэння - візіты кубінскага лідара Фідэля Кастра і прэзідэнта ЗША Рычарда М. Ніксана. На здымках прадстаўлены асноўныя спартыўныя, культурныя, прамысловыя аб'екты. І, вядома, у цэнтры ўвагі экспазіцыі самі беларусы: вядомыя асобы і звычайныя людзі, добрасумленныя працаўнікі, знатакі сваёй справы.
Фотавыстава "Імгненні стагоддзя" прадоўжыцца ў Гродне да 21 жніўня.
Юбілейная фотавыстава БЕЛТА пачала падарожжа па Беларусі 19 чэрвеня і прайшла ўжо ў Брэсце, Мінску і Віцебску. Да канца года з экспазіцыяй азнаёмяцца ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.