7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі анансаваў спартыўны дабрачынны праект "Move4Good: падзарадка з Юнісеф", паведаміла БЕЛТА каардынатар інфармацыйнай дзейнасці ЮНІСЕФ у Беларусі Хрысціна Дулевіч.
"Гэта інклюзіўны анлайн-праект, альтэрнатыўны традыцыйным забегам і марафонам, стаць часткай якога можа кожны. Хадзьба, бег, плаванне або зарадка - удзельнік сам выбірае від актыўнасці для падзарадкі з ЮНІСЕФ. Анлайн-фармат зніжае рызыкі, звязаныя з эпідэміялагічнай сітуацыяй, а таксама дае магчымасць аб'яднацца дзецям і дарослым з розных куткоў Беларусі", - расказала Хрысціна Дулевіч.
На працягу месяца любы жадаючы можа зарэгістравацца на сайце праекта www.move4good.by, выбраць від спорту і зафіксаваць вынікі. Кожны ўдзельнік таксама атрымлівае доступ да карысных матэрыялаў аб спорце ад экспертаў (псіхолагаў, урачоў, трэнераў) - відэаролікаў, рэкамендацый на тэму спорту і спартыўнага выхавання дзіцяці.
У праекта дзве мэты: папулярызацыя спорту і здаровага ладу жыцця, збор сродкаў на падтрымку развіцця інклюзіўнай адукацыі, каб дзеці з інваліднасцю маглі вучыцца і ўзаемадзейнічаць з равеснікамі, развіваць свой патэнцыял і набываць неабходныя для незалежнага дарослага жыцця навыкі.
Для ўдзелу неабходна прайсці рэгістрацыю на сайце праекта і ўнесці дабрачынны ўзнос. Прадугледжаны розныя пакеты ўдзелу: "Стандарт", "Супер+", "Партнёр". Рэгістравацца можна індывідуальна, сем'ямі, камандамі. Сума дабрачыннага ўзносу за рэгістрацыю - ад Br25. Усе сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку развіцця інклюзіі ў школах і закупку неабходнага абсталявання для дзяцей з інваліднасцю.
Завершыцца праект "зорнай падзарадкай" у афлайн-фармаце з удзелам каманды партнёраў, экспертаў, папулярных блогераў і людзей, якія аплацілі пакет "Супер+".
"Чым больш будзе ўдзельнікаў, тым большую дапамогу можам аказаць. У Беларусі звыш 186 тыс. дзяцей маюць інваліднасць або асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Многія з гэтых юнакоў і дзяўчат адчуваюць сябе адзінокімі, а кожны дзясяты не наведвае ўстанову адукацыі. Прычыны як у фізічных бар'ерах (усяго адна школа з дзесяці забяспечвае безбар'ернае асяроддзе), так і ў адносінах грамадства да дзяцей з інваліднасцю. Пандэмія яшчэ больш узмацніла сацыяльную ізаляцыю слабаабароненых груп дзяцей, але мы верым, што мы, дарослыя, разам можам вырашыць любыя праблемы. Move4Good - гэта праект пра спорт, энергію, сям'ю, добрыя справы і дапамогу", - пракаменціравала прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Таня Радачай.
У перспектыве "падзарадку" плануецца праводзіць штогод, уключаючы ўсё больш удзельнікаў, каб праект дасягнуў узроўню нацыянальнага.