15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава "Адметныя 85", прымеркаваная да юбілею Беларускага саюза мастакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Выстава дэманструе багацце фонду як Беларускага саюза мастакоў, так і Нацыянальнай бібліятэкі. У экспазіцыі можна ўбачыць работы больш як 20 аўтараў, асабліва знакавых для развіцця беларускага выяўленчага мастацтва, а таксама фарміравання і развіцця дзейнасці Беларускага саюза мастакоў (БСМ). Тут прадстаўлены работы народных мастакоў Беларусі і БССР, заслужаных дзеячаў культуры і мастацтваў, старшынь або выконваючых абавязкі старшыні БСМ. У экспазіцыі ёсць каталогі, альбомы, статут Беларускага саюза мастакоў 1939 года, дакументы і літаратура, што расказвае гісторыю дзейнасці саюза ад яго стварэння да нашых дзён", - сказала загадчыца сектара мастацкіх выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вікторыя Харытонава.
"85 гадоў з моманту стварэння Беларускага саюза мастакоў - вялікі юбілей. Многія нашы выставы праехалі па Беларусі. У Палацы мастацтва мы паказвалі экспазіцыю работ мастакоў, якія ўзначальвалі БСМ. Іх было 19, і адзін з іх займаўся не мастацтвам, а журналістыкай. З'езд беларускіх мастакоў, які занатаваў стварэнне саюза, адбыўся з 6 па 9 снежня 1938 года. Нам вельмі хацелася зафіксаваць гісторыю і паказаць пройдзены шлях. БСМ рухаўся праз усе пераломныя кропкі ў гісторыі краіны", - адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.
Паводле яе слоў, на выставе прадстаўлены не толькі работы мастакоў, якія ўзначальвалі саюз у розныя гады, але і карціны, што характарызуюць мастацтва Беларусі ў розныя перыяды. "Вядома, гэта не вельмі вялікае памяшканне. Тут знаходзіцца каля 40 работ з калекцыі Беларускага саюза мастакоў, якая збіралася з 1940-х гадоў. Цяпер у ёй 10 тыс. розных работ: жывапіс, графіка, скульптура, рэчы з тканіны і нітак і іншыя рэчы. Аснову калекцыі складаюць менавіта жывапіс і графіка, таму што гэта класічныя віды мастацтва, якія заўсёды добра выкладаліся ў Акадэміі мастацтваў і ўпадабаны гледачом. У маленькім залатым фондзе прадстаўлены россып знакавых імёнаў. Напрыклад, работы Віталя Цвіркі і Паўла Масленікава, якія характарызуюць усю паўнату пейзажу ў беларускім мастацтве. Тэматыку працы і чалавека ў беларускім грамадстве ўздымалі, напрыклад, Уладзімір Сухаверхаў і Уладзімір Стальмашонак. Многія мастакі былі ветэранамі вайны, а дзеці творцаў часта прадаўжаюць працаваць у мастацкай сферы", - дадала Наталля Шаранговіч.
"Не толькі грамадства, але і дзяржава заўсёды падтрымлівала мастацтва, што асабліва выразна было відаць у тыя гады, калі збіралася гэта клекцыя. Мастацтва заўсёды было лепшай часткай ідэалогіі дзяржавы. Візуальнай мовай фарбаў або графікі мастацтва гаварыла пра краіну, у якой мы жывём, яе прыгажосць і людзей. Візуальная частка прымушала чалавека палюбіць тое, што ёсць вакол яго, і ўбачыць фарбы, якія ён проста так не заўважыў бы", - падкрэсліла Наталля Шараговіч. На яе думку, калі не было інтэрнэту, яркага тэлебачання і каляровай фатаграфіі, менавіта жывапіс паказваў чалавеку разнастайнасць навакольнага свету.
Мастачка Наталля Сухаверхава, дачка мастака Уладзіміра Сухаверхава, заўважыла, што гэтыя карціны - наша гісторыя. "Тут шмат цікавых работ, і моладзі ёсць чаму павучыцца ў мастакоў мінулага, таму што яны поўнасцю аддаваліся рабоце і не выкарыстоўвалі сучасныя тэхналогіі, якія могуць аблягчыць працэс стварэння карціны", - сказала яна.