8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Упершыню ў Беларусі нованароджанаму малышу з прыроджаным працяглым крытычным стэнозам трахеі была выканана слайд-пластыка з падключэннем ЭКМА, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Як адзначаецца, гэты парок развіцця несумяшчальны з жыццём. Паводле слоў галоўнага пазаштатнага дзіцячага кардыяхірурга Міністэрства аховы здароўя, дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанціна Драздоўскага, дзяўчынка з прыроджаным парокам на 11-я суткі, як толькі гэта стала магчыма, была пераведзена ў РНПЦ.
"Пры выкананні трахеабронхаскапіі ў дзяўчынкі быў дыягнаставаны крытычны працяглы стэноз трахеі на фоне поўных калец трахеі. Спецыялісты выставілі дыягназ: працяглы крытычны стэноз трахеі, поўныя кольцы трахеі, расшчапленне мяккага і цвёрдага паднябенняў, ДМЖП, прыроджаная пнеўманія", - расказаў Канстанцін Драздоўскі.
Улічваючы працягласць стэнозу з крытычным звужэннем прасвету, немагчымасць інтубацыі трахеі і паўнацэннай вентыляцыі лёгкіх, несумяшчальнасць гэтага пароку з жыццём, патрабавалася тэрміновая хірургічная карэкцыя пароку па жыццёвых паказчыках. 17 лістапада на 14-я суткі жыцця пацыента ўрачы-кардыяхірургі Юрый Ліннік і Андрэй Запалянскі выканалі аперацыю, якая доўжылася больш за 6 гадзін.
Паводле інфармацыі медыкаў, пасляаперацыйны перыяд праходзіць гладка. Цяпер пацыент дыхае самастойна, набірае масу цела, рыхтуецца да пераводу на наступны этап выходжвання ў РНПЦ "Маці і дзіця".
Дарэчы, вага дзіцяці на момант аперацыі была ўсяго 1950 г. Паводле даных замежнай літаратуры, маса цела пацыентаў, якім выконвалася такое ўмяшанне, складала не менш за 2500 г.