17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прабіўся ў другі раунд турніру ATP Challenger Tour у кітайскім Шэньчжэне з прызавым фондам $80 тыс., паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У сённяшнім паядынку 1/16 фіналу беларус, які займае 397-е месца ў сусветным рэйтынгу, усяго за гадзіну абыграў у двух сэтах прадстаўніка Казахстана Дзяніса Яўсеева (240 нумар рэйтынгу АТР) - 6:2, 6:2. У асноўную сетку Ягор Герасімаў выйшаў праз кваліфікацыю, перамогшы інданезійскага тэнісіста Джасціна Баркі (675) - 7:5, 6:1. Яшчэ адзін беларус Мікалай Галяк (368) уступіў сёння французу Тэрэнсу Атману (132) - 1:6, 4:6. У першым крузе парнага разраду Галяк і грэк Маркас Калавелоніс абыгралі канадска-французскі тандэм Стывен Дыяс / Артур Вебер - 6:2, 6:3.
У 1/16 фіналу жаночага турніру ў кітайскім Наньчане з прызавым фондам $259,3 тыс. беларуска Аляксандра Сасновіч (90) сустрэнецца сёння са славацкай тэнісісткай Вікторыяй Грунчаковай (113). У першым крузе парнага разраду Сасновіч і расіянка Каміла Рахімава згуляюць з прадстаўніцай Грузіі Аксанай Калашнікавай і японкай Наа Хібіна. Беларуска Лідзія Марозава і полька Катажына Піцер будуць сапернічаць з аўстралійска-нарвежскім дуэтам Кімберлі Бірэл / Ульрыке Эйкеры.