20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дуэт Алена Падольская і Сяргей Мікель стаў пераможцам
VII Міжнароднага фестывалю-конкурсу сольнага танца імя Махмуда Эсамбаева, які адбыўся ў Грозным 15-19 кастрычніка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.Пераможцаў конкурсу асабіста павіншаваў і ўручыў Гран-пры кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.
Каб ушанаваць памяць выдатнага танцора Махмуда Эсамбаева і прадставіць культуру свайго народа праз танец, у Грозны прыбылі 96 удзельнікаў з сямі краін свету і 19 рэгіёнаў Чачні. Удзельнікамі конкурсу сталі салісты прафесійных харэаграфічных калектываў і асобныя выканаўцы ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў. Конкурс праходзіў у два туры, у кожным з іх удзельнікі выступалі з адным танцам. Танцавальныя спаборніцтвы праводзіліся ў намінацыях "Сучасны танец" (форма "сольны танец", "парны танец"), "Народны танец" (форма "сольны танец", "парны танец", "групавы танец").
Беларускі дуэт перамог у намінацыі "Сучасны танец" і стаў уладальнікам Гран-пры конкурсу. Алена Падольская і Сяргей Мікель прадставілі на суд журы канцэртныя нумары "Амальгама" і "Страчанае і знойдзенае" працягласцю па 6-7 мінут. На думку іх настаўніка народнага артыста СССР Валянціна Елізар'ева, выкананне маладых беларускіх танцоўшчыкаў уразіла журы навізной формы, падыходу да сюжэту, новай якасцю харэаграфіі, цэласнасцю вобразаў.
У лік прызёраў фестывалю-конкурсу сольнага танца таксама ўвайшла маладая беларуская танцоўшчыца Сабіна Мунасыпава. Прызёрамі і дыпламантамі сталі ўдзельнікі з Калужскай вобласці, Масквы, Таджыкістана, Маскоўскай вобласці, Калмыкіі, Краснадарскага края, Крыма і Чачні.
Алена Падольская - студэнтка другога курса факультэта харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Сяргей Мікель вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на кафедры харэаграфіі на чацвёртым курсе ў прафесара Валянціна Елізар'ева. Сяргей з'яўляецца аўтарам харэаграфіі і выканаўцам конкурсных твораў.