2 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія спецыяльнага гашэння паштовай маркі "100 гадоў БССР" адбылася ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сёння выпускае паштовую марку ў абарачэнне. Яна друкавалася ў РУП "Бабруйская ўзбуйненная друкарня імя А.Т. Непагодзіна". Дызайн Алены Мядзведзь. Тыраж маркі - 60 тыс.
У цырымоніі гашэння маркі прынялі ўдзел міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. "Утварэнне БССР - найважнейшая падзея ў жыцці краіны, якая павінна заставацца ў памяці. Тое, што 100-годдзе БССР занатавана ў выглядзе паштовай маркі, вельмі значна і неабходна", - сказаў Канстанцін Шульган.
"100 гадоў - толькі імгненне ў гісторыі, але за гэты час беларусы паспелі дасягнуць вельмі шмат чаго. Мы, нашы бацькі, дзяды і прадзеды, зрабілі ўсё, каб Беларусь працвітала", - дадаў Александр Каваленя.
1 студзеня 2019 года споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У гэты дзень быў канчаткова сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і абнародаваны яго маніфест. У тэксце маніфеста Беларусь абвяшчалася свабоднай незалежнай сацыялістычнай рэспублікай, замацоўваліся асноўныя палажэнні яе грамадскага і палітычнага ладу. У хуткмі часе Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і Цэнтральнае бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск.