8 лістапада, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Галоўную навагоднюю ёлку Беларусі плануецца ўпрыгожыць святлодынамічнымі цацкамі з элементамі нацыянальнага арнаменту, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства "Мінскрэклама" Таццяна Каліціна.
Такая тэхналогія ў аздабленні пушыстай прыгажуні прымяняецца ўпершыню, за кошт святловяртальных матэрыялаў дызайнеры разлічваюць дасягнуць эфекту "свячэння" ўбрання ў дзённы час. Такія святлодынамічныя сістэмы ў Мінску выкарыстаны пры афармленні апор асвятлення па вул. Леніна пілонамі ў колерах нацыянальнага сцяга.
Вышыня цэнтральнай навагодняй ёлкі, якая традыцыйна размесціцца на Кастрычніцкай плошчы, складзе каля 34 м, у мінулым годзе яна змяніла форму і стала больш натуральнай. Як чакаецца, мантаж галоўнай навагодняй прыгажуні спецыялісты пачнуць ужо 21-30 лістапада. У першых чыслах снежня металічны каркас апрануць у хваёвыя лапкі і ўпрыгожаць цацкамі, светлавымі гірляндамі.
Усяго ў сталіцы атмасферу свята будуць ствараць 24 навагоднія ёлкі. Да традыцыйных пляцовак дабавіліся новыя - па вул. Сталетава, Русіянава, Сухараўскай, у мікрараёне Брылевічы, у парку Горкага. Каля Вялікага тэатра оперы і балета створаць навагоднюю кампазіцыю з елак. Новым дызайнам упрыгажэнняў парадуюць мінчан ёлкі каля Дома ўрада, Мінгарвыканкама, Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца спорту, спартыўных комплексаў "Мінск-Арэна", "Чыжоўка-Арэна", Лядовага палаца, Ратушы, выставачнага цэнтра "БелЭкспа".
Устаноўка металічных каркасаў ужо ў некаторых раёнах горада пачалася, у прыватнасці, работы вядуцца каля Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, кінатэатра "Салют", у парку імя Паўлава.