15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 18 мая, у Міжнародны дзень музеяў, пройдзе прэзентацыя экспазіцый, прысвечаных Якубу Коласу і Юдалю Пэну. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.
"Выстаўка адной карціны" з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея азнаёміць наведвальнікаў з унікальным палатном Юдаля Пэна "Гадзіншчык", часовая экспазіцыя "Кола(с) часу" лагічна і канцэптуальна прадоўжыць выставу, а мастацкая інтэграцыя Максіма Пятруля "Паралелі" дапаможа глыбей асэнсаваць творчасць беларускага класіка Якуба Коласа.
Юдаль Пэн - беларускі жывапісец яўрэйскага паходжання. Пачаўшы свой творчы шлях у пейзажаў, Пэн упісаў сябе ў плеяду вядомых мастакоў як майстар інтэр'ернага псіхалагічнага партрэта. У карціне "Гадзіншчык", якая будзе экспанавацца ў музеі да канца месяца, Юдаль Пэн увасобіў філасофію часу: стары майстар валодае таямніцамі не гадзіннікавых механізмаў, але часу, каштоўнасць якога добра ведаюць усе.
Часовая экспазіцыя "Кола(с) часу" - своеасабліва даніна захапленню Якуба Коласа: паэт працяглы час калекцыянаваў адрыўныя насценныя календары. Акрамя таго, гэта магчымасць для наведвальнікаў азнаёміцца з паўсядзённымі рэчамі 1950-х гадоў, маленькімі, але цікавымі, з якіх складаецца вялікая гісторыя аднаго жыцця.