Зборная Беларусі перад матчам з Фінляндыяй
16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі займае 78-е месца ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ФІФА.
З часу папярэдняга рэйтунгу, які быў абнародаваны 7 чэрвеня, каманда Ігара Крывушэнкі правяла адзін матч, уступіўшы ў Тамперы футбалістам Фінляндыі з лікам 0:2. Цяпер у зборнай Беларусі 1306 ачкоў. Сапернікі беларусаў па групавым этапе Лігі нацый знаходзяцца на такіх пазіцыях: 85 - Люксембург (1286 ачкоў), 175 - Малдова (957), 203 - Сан-Марына (876). Стартавы паядынак новага турніру пад эгідай УЕФА зборная Беларусі правядзе 8 верасня на мінскім стадыёне "Дынама" супраць каманды Сан-Марына.
Жнівеньскі рэйтынг ФІФА ўзначальвае чэмпіён свету зборная Францыі, на другой пазіцыі ўладальнік бронзы ЧС-2018 каманда Бельгіі, трэцяе месца ў бразільцаў, віцэ-чэмпіёны планеты харваты знаходзяцца на 4-й пазіцыі.
Топ-10 рэйтынгу ФІФА:
1. Францыя - 1726 ачкоў,
2. Бельгія - 1723,
3. Бразілія - 1657,
4. Харватыя - 1643,
5. Уругвай - 1627,
6. Англія - 1615,
7. Партугалія - 1599,
8. Швейцарыя - 1597,
9-10. Іспанія - 1580,
9-10. Данія - 1580.
З краін былога Савецкага Саюза найбольш высокі рэйтынг у футбалістаў Украіны - 35-е месца (1468 балаў), гаспадары нядаўняга сусветнага першынства расіяне займаюць 49-ю пазіцыю (1410).
Наступны рэйтынг ФІФА абнародуе 20 верасня.