25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Італіі стартаваў юніёрскі чэмпіянат свету па фрыстайле. Беларуска Аляксандра Раманоўская стала пераможцай у раздзеле лыжнай акрабатыкі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандра Раманоўская з'яўлялася адным з фаварытаў у турніры сярод дзяўчат. Выйграўшы кваліфікацыю, беларуска не страціла першага месца і ў фінальных спаборніцтвах. З рэзультатам 165,19 бала Раманоўская апярэдзіла прадстаўніцу Казахстана, якая заняла другое месца з агульнай колькасцю набраных ачкоў 163,11. Трэцяе месца засталося за спартсменкай з ЗША - 146,59 ачка. Яшчэ адна прадстаўніца Беларусі Вера Ляшкевіч заняла дзясятае месца - 127,60.
У спаборніцтвах па лыжнай акрабатыцы ў юніёраў беларус Арцём Башлакоў заняў сёмае месца, паказаўшы рэзультат 181,89 ачка. Яго партнёр па зборнай Ілья Гарэлік у падагульняючым пратаколе апынуўся на пятнаццатым радку - 123,14. Пераможцам стаў амерыканскі лыжны акрабат Харысан Сміт, які набраў у суме 192,46 бала.
Поспех Аляксандры Раманоўскай не першы ў зімовым сезоне, які завяршаецца. На этапе Кубка свету ў Лейк-Плэсідзе ў канцы студзеня яна заняла першае месца. На заключным этапе розыгрышу трафея ў "Раўбічах" у пачатку сакавіка Раманоўская з-за траўмы калена выступіць не змагла. У агульным заліку Кубка свету 18-гадовая беларуска са 198 ачкамі заняла дзявятае месца.