24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каманда Францыі (Хлое Шэвалье, Жулія Сіман, Лена Арно) перамагла ў эстафетнай гонцы юніёрак (да 21 года) 3х6 км, якая сёння адбылася на чэмпіянаце свету-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў, што праходзіць у спартыўным комплексе "Раўбічы", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Аж да апошняга этапу эстафеты барацьбу за ўзнагароду вышэйшай вартасці францужанкі вялі з біятланісткамі каманды Расіі, аднак змаглі выйграць гэту дуэль і фінішавалі першымі з рэзультатам 53 мін 27,3 сек (без штрафных кругоў, 6 дадатковых патронаў). Расіянкі (Вікторыя Сліўко, Наталля Гербулава, Ульяна Кайшава) прайгралі пераможцам 26,9 сек (0+7), атрымаўшы сярэбраную ўзнагароду. Замкнула тройку прызёраў каманда Германіі (Анна Вайдэль, Хелен Тэрэза Хендэль, Мары Хайнрых), якая адстала ад чэмпіёнак на 1 мін 33,7 сек (0+7).
Спартсменкі зборнай Беларусі сур'ёзна ўскладнілі сабе задачу барацьбы за медалі пасля першага этапу эстафетнай гонкі, па ходзе якога Яўгенія Якаўлева зарабіла адзін штрафны круг. Яна фінішавала толькі 13-й з адставаннем ад спартсменкі з каманды-лідара на 1 мін 50 сек. Настасся Кунец, якая выступала ў другім этапе ў беларусак, таксама завяршыла яго 13-й, прычым пройгрыш па часе лепшай дружыне сур'ёзна павялічыўся - да 3 мін 15,9 сек. Фінішар беларускай зборнай Таццяна Трыфанава некалькі выправіла становішча, узняўшы сваю каманду ў дзясятку мацнейшых. У выніку гаспадыні трасы фінішавалі 9-мі (+4 мін 29,5 сек; 1 штрафны круг, 9 дадатковых патронаў). Усяго за перамогу змагаліся 18 дружын.
Завяршаецца праграма сусветнага форуму эстафетай юніёраў (да 21 года) 4х7,5 км, у старт-лісце якой 19 квартэтаў розных краін. У складзе беларускай каманды - Алег Літвінскі, Максім Варабей, Яўгеній Ліпай і Віктар Крыўко.