31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі маладзёжны форум IT-Youth пройдзе 1-2 лістапада ў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праекта Павел Пятрышчаў.
Галоўная задача форуму - стварэнне інфармацыйна-адукацыйнай пляцоўкі для навучання моладзі асновам работы ў сацыяльных медыя, блогасферы. Ён аб'яднае адміністратараў інтэрнэт-супольнасцей і сайтаў БРСМ з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Мерапрыемства пройдзе на базе цэнтра інавацыйных распрацовак "ЭкаТэхнаПарка" ў Мар'інай Горцы і факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі БДУ. Праграма сфарміравана ў выглядзе комплексу адукацыйных семінараў і лекцый, накіраваных на павышэнне якасці адукацыі мэтавай аўдыторыі ў сферы IT-тэхналогій і іншых спадарожных галінах, а таксама абмену вопытам. Яна ўключае ў сябе навучанне асновам SMM (маркетынг у сацыяльных сетках), SEO (аптымізацыя інтэрнэт-рэсурсаў), мастацкага майстэрства і капірайтынгу, а таксама псіхалагічныя трэнінгі. У якасці выкладчыкаў выступяць прафесіяналы ў сферы інфармацыйных тэхналогій і журналістыкі.
Цырымонія адкрыцця пройдзе ў Рэспубліканскім доме моладзі, затым удзельнікі наведаюць "ЭкаТэхнаПарк", дзе на "Яблыневай алеі інвестараў" высадзяць саджанец яблыні.
Арганізатарам форуму выступае БРСМ пры падтрымцы "ЭкаТэхнаПарка" і факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістымі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.