11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фолк-фестываль "Камяніца" пашырае кірмаш нацыянальнай культуры, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Сёмы па ліку фолк-фестываль "Камяніца" пройдзе 5 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пры падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ".
"Камяніца" ўжо даўно перастала быць проста музычным фестывалем. Гэта месца сустрэчы ўсіх, каму цікавая нацыянальная культура ў самых розных яе праявах", - расказаў каардынатар фестывалю Сяргей Чаргінец.
Да ўдзелу ў кірмашы запрашаюцца ўсе, хто працуе ў рэчышчы беларускай нацыянальнай культуры: аматарскія і студэнцкія музычныя калектывы (другая сцэна), прадстаўнікі народных промыслаў (ганчары, пляценне, тэкстыль), візуальнага майстэрства (фатографы, дызайнеры, мастакі), культурных ініцыятыў (вывучэнне мовы, песень, традыцыйных гульняў). Заяўкі трэба адпраўляць да 25 жніўня арганізатарам з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.
Фолк-фестываль "Камяніца" быў заснаваны ў 2009 годзе і з тых часоў нязменна праходзіць на маляўнічай тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км за аўтарынак "Малінаўка"), дзе пад адкрытым небам можна ўбачыць помнікі драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.
Мерапрыемства збірае разам лепшых беларускіх фолк-артыстаў і замежных гасцей. У мінулыя гады на "Камяніцу" прыязджалі Алег Скрыпка (Украіна), "ДахаБраха" (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Караліна Ціха і Бартак Палыга (Польшча), "Іван Купала" (Расія), Ahmed Ma Hlad (Чэхія) і шэраг іншых выканаўцаў. Музычная праграма гэтага года будзе аб'яўлена ў бліжэйшы час.