9 лістапада, Мінск /Валерыя Гаўрылава - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі адкрые нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2017" новай канцэртнай праграмай у гонар 135-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аб гэтым кіраўнік аркестра, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг паведаміў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наша новая праграма прысвечана юбілею народных паэтаў Беларусі - Купалы і Коласа - і заснавана на іх творчасці. У яе ўваходзіць 38 твораў. Праграма поўнасцю ўжо гатова, але будзе прадстаўлена шырокай публіцы толькі на фестывалі ў Маладзечне ў пачатку чэрвеня", - сказаў Міхаіл Фінберг.
"Я не стамляюся паўтараць, што трэба любіць сваю краіну і быць уважлівымі да нацыянальнага мастацтва. З дапамогай такіх канцэртных праграм хочам паказаць, што ў нас ёсць сапраўдная беларуская паэзія і музыка, якімі мы можам ганарыцца", - адзначыў ён.
У новай праграме прымаюць удзел 10 салістаў, у тым ліку заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела. "У нас таксама шмат маладых салістаў. Яны вельмі здольныя, добра спяваюць на розных мовах і пры гэтым любяць родную беларускую мову, а гэта асабліва важна", - дадаў кіраўнік аркестра.
Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга адзначыла, што аркестр традыцыйна рыхтуе новую праграму да адкрыцця фестывалю. "Адразу пасля заканчэння папярэдняга фестывалю ў Маладзечне мы дамовіліся з Міхаілам Фінбергам аб новай праграме ў гонар юбілею народных паэтаў Беларусі. І я рада таму, што прагучаць як ужо вядомыя песні ў новых аранжыроўках, так і малавядомыя шырокай публіцы, але цікавыя па сваім музычным матэрыяле творы. Важна не забываць нашых класікаў", - падкрэсліла першы намеснік міністра.