6 студзеня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. XIV Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест" пройдзе ў Гродне 11-14 лютага. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар фестывалю Уладзімір Лябецкі.
Ужо вызначаны ў цэлым замежныя і беларускія ўдзельнікі фестывалю, іх будзе каля 20. У гэтым годзе, як чакаецца, у Гродна прыедуць калектывы з Румыніі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі. Упершыню ў геаграфіі краін - удзельніц фестывалю - Малдова, якая прадставіць на конкурс адразу два калектывы: царкоўны і свецкі. Даволі шырока будуць прадстаўлены і беларускія, асабліва сталічныя калектывы: у конкурснай праграме выступяць хары дзіцячых нядзельных школ, прыходскія хары і ансамблі, аматарскія дзіцячыя і дарослыя калектывы. Запрошаны да ўдзелу хор інжынерных войскаў РФ "За веру і айчыну", хор студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Па традыцыі пачэсным госцем фестывалю становіцца калектыў - уладальнік Гран-пры мінулагодняга фестывалю, аднак у гэтым годзе ўжо вядома, што ўладальнік Гран-пры 2014 года, хор студэнтаў Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі (акадэміі) імя Н.Г.Жыганава (Расія), прыехаць у Гродна не зможа.
Усяго ў конкурснай праграме міжнароднага фестывалю прымуць удзел амаль 40 калектываў як свецкіх, так і царкоўных.
Пачынаючы з 8 студзеня, на працягу чатырох дзён адбудуцца адборачныя туры, па выніках якіх вызначацца ўдзельнікі фінальных фестывальных мерапрыемстваў ад Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Адборачныя праслухоўванні пройдуць у Свіслачы, Росі, Мастах і Азёрах. Конкурсныя праслухоўванні традыцыйна пройдуць у гродзенскім Свята-Пакроўскім саборы, пазаконкурсныя канцэрты - у прыходскім комплексе і Гродзенскім музычным каледжы.
Як паведаміў Уладзімір Лябецкі, цяпер фарміруецца праграма фестывальных мерапрыемстваў. Традыцыйна яны пачнуцца загадзя, увогуле фестываль будзе доўжыцца прыкладна тыдзень. Паводле папярэдняй інфармацыі, ужо 8 лютага пры прыходзе Царквы святых Барыса і Глеба (Каложскай) адкрыецца выстаўка ікон сучасных іканапісцаў. Наведвальнікі змогуць убачыць іконы работы майстроў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. У час фестывалю адбудуцца таксама фотавыстаўка, пройдуць кіналекторыі, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. Адбудзецца прэзентацыя ўнікальнай і папулярнай кнігі-альбома мастацтвазнаўца Алены Шацько "Званы праваслаўных храмаў Заходняй Беларусі".
Першы фестываль "Каложскі благавест" прайшоў у 2002 годзе, ён быў прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. У 2011 годзе Міністэрства культуры Беларусі прысвоіла фестывалю статус міжнароднага. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Гродзенская праваслаўная епархія і Гродзенскі аблвыканкам. У склад міжнароднага журы ўваходзяць свяшчэннаслужыцелі са спецыяльнай музычнай адукацыяй, выкладчыкі вышэйшых музычных устаноў Беларусі, Расіі, Францыі, Румыніі, кампазітары, хормайстры, кіраўнікі харавых калектываў розных краін. Пераможцаў вызначаюць па васьмі намінацыях.