18 лютага, Мінск /Настасся Ларчанка - БЕЛТА/. Фестываль нацыянальных відаў спорту пройдзе ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Размова аб гэтым ішла сёння на пасяджэнні рабочай групы па развіцці нацыянальных відаў спорту дзяржаў - удзельніц Садружнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У мінулым годзе Савет кіраўнікоў урадаў СНД зацвердзіў праграму падтрымкі і развіцця нацыянальных відаў спорту на перыяд да 2020 года і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі на трохгадовы перыяд. Фестываль нацыянальных відаў спорту заснаваны рашэннем Савета па фізічнай культуры і спорце. У сваю чаргу рабочая група на пасяджэнні, якое праходзіць 18-19 лютага ў Мінску, распрацоўвае і ўзгадняе праект палажэння аб гэтым мерапрыемстве.
Фестываль будзе праводзіцца для ўмацавання традыцыйных дружалюбных сувязей паміж народамі дзяржаў Садружнасці, захавання нацыянальных відаў спорту і гульняў як гістарычнай спадчыны, папулярызацыі і развіцця іх на міжнародным узроўні. Ён павінен стварыць умовы для развіцця існуючых і адраджэння страчаных нацыянальных відаў спорту, а таксама садзейнічаць іх уключэнню ў міжнародную спаборніцкую практыку.
У прыватнасці, прапрацоўваецца ідэя вызначыць агульны план мерапрыемстваў масавага характару, вылучыўшы 4-5 відаў спорту, якія будуць праводзіцца ва ўсіх краінах СНД. Дадаткова да асноўнага плана кожнай з краін будзе прадастаўлена магчымасць паказаць нацыянальныя (самабытныя) віды спорту.
Як плануецца, мерапрыемствы фестывалю будуць уключаць у сябе не толькі спаборніцтвы і гульні, а таксама арганізацыю выставак, канферэнцый і паказальных выступленняў. Акцэнт робіцца на тым, што правядзенне фестывалю будзе садзейнічаць фарміраванню здаровага ладу жыцця за кошт прыцягнення да заняткаў спортам шырокіх слаёў насельніцтва.