3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейны V Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile пройдзе ў Мінску з 8 па 17 красавіка, паведамілі БЕЛТА арганізатары мерапрыемства.
У цяперашнюю фестывальную праграму ўвайшлі цікавыя і разнастайныя аўтарскія работы з больш як 100 краін свету. Гледачоў чакаюць гульнявыя, дакументальныя, эксперыментальныя і анімацыйныя фільмы. Акрамя таго, будуць прадстаўлены новыя работы беларускіх рэжысёраў і некалькі пазаконкурсных праграм. Мерапрыемства плануюць наведаць рэжысёры і спецыялісты ў сферы кіно са Швецыі, Польшчы, Эстоніі, Шатландыі і Украіны.
Міжнародны фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile быў заснаваны ў 2011 годзе. Ён накіраваны на папулярызацыю незалежнага аўтарскага кінематографа, развіццё беларускага кіно, а таксама на стварэнне пляцоўкі для дыялогу паміж кінасупольнасцямі і кінааматарамі па ўсім свеце.