20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальным алімпійскім камітэце адбыліся афіцыйны прыём і працэдура падпісання дагавора аб супрацоўніцтве паміж федэрацыямі біятлона Беларусі і Японіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пагадненнем прадугледжаны абмен вопытам па пытаннях развіцця біятлона ў дзіцяча-юнацкім спорце, сумесная падрыхтоўка нацыянальных каманд, удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння зборных.
"Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў, які праходзіць гэтымі днямі, арганізаваны на высокім узроўні. Я бачыў шмат розных спартыўных аб'ектаў і міжнародных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Пры наведванні "Раўбічаў" у мяне склалася ўражанне, што Беларусь рыхтуецца да таго, каб у будучым прыняць зімовыя Алімпійскія гульні", - адзначыў прэзідэнт Федэрацыі біятлона Японіі Хіраакі Ібе.
"Абмен вопытам з такой высокаразвітай краінай пойдзе на карысць беларускаму біятлону. Супрацоўніцтва з японскай федэрацыяй не абмяжуецца толькі сумеснымі зборамі, яно будзе развівацца ў галіне тэхнічнага супрацоўніцтва", - адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык.
Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па біятлоне Андрыян Цыбульскі.