31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экалагічныя інфармацыйныя цэнтры з'явяцца ў заказніках "Свіцязянскі" (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) і "Прыбужскае Палессе" (Брэсцкі і Маларыцкі раёны Брэсцкай вобласці). Аб гэтым паведаміла на прэзентацыі праекта "Садзейнічанне пераходу Беларусі да "зялёнай эканомікі" яго кіраўнік Вольга Чаброўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Работа па стварэнні інфацэнтраў у заказніках "Свіцязянскі" і "Прыбужскае Палессе" ўжо вядзецца. Цяпер падабраны памяшканні, дзе яны размесцяцца, вырашаюцца арганізацыйныя пытанні", - сказала Вольга Чаброўская. У інфацэнтрах можна будзе атрымаць адказы на пытанні па экалагічнай тэме, даведацца больш аб экасістэмах заказнікаў, маніторынгу навакольнага асяроддзя, паўдзельнічаць у лекцыях і семінарах.
Акрамя таго, будзе распрацавана "зялёная карта" Беларусі, на якой можна будзе знайсці прадпрыемствы, арыентаваныя на ўкараненне прынцыпаў "зялёнай эканомікі". У планах таксама стварыць мабільны дадатак, які стане даведнікам па мясцовых ініцыятывах у гэтай сферы.
Праект "Садзейнічанне пераходу Беларусі да "зялёнай эканомікі" накіраваны на рэалізацыю ідэй "зялёнага" эканамічнага росту і экалагічна ўстойлівых мадэлей вытворчасці і спажывання з дапамогай падтрымкі мясцовых ініцыятыў і правядзення інфармацыйнай кампаніі. Мерапрыемствы праекта накіраваны на выпрацоўку і практычную апрабацыю прынцыпаў "зялёнай эканомікі" ў Беларусі. Тэрмін рэалізацыі праекта - па снежань 2017 года, для яго фінансавання Еўрасаюз выдзеліць 5 млн еўра.
Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага сяроддзя Беларусі.