11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзве залатыя ўзнагароды заваявалі 11 мая беларускія атлеты на чэмпіянаце свету па муай-тай, які праходзіць у мінскім Палацы спорту, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Першае месца ў катэгорыі да 63,5 кг заняў Максім Пяткевіч, які выступаў сярод спартсменаў да 23 гадоў. Ён быў мацнейшы ў фінале за Цотне Султанішвілі з Грузіі. Другі залаты медаль сярод моладзі на рахунку Дзмітрыя Філіпава, які адолеў Аляксандра Скварцова з Расіі.
Яшчэ тры сярэбраныя ўзнагароды сярод атлетаў да 23 гадоў заваявалі Раман Доўнар (67 кг), Карэн Тумасян (81 кг) і Уладзіслаў Шадко (звыш 91 кг).
"Для маладых беларускіх атлетаў выступленне на дамашнім чэмпіянаце добрае, адзінае, што непакоіць - вельмі шмат траўмаў. Пасля некалькіх баёў да фіналаў спартсмены падыходзяць з пашкоджаннямі. Цудоўна ведаю, наколькі кантактны наш від спорту, але такой колькасці траўмаў раней не было", - адзначыў галоўны трэнер беларусаў Міхаіл Сцяпанаў.
У заключны дзень чэмпіянату свету па муай-тай, 12 мая, спачатку будуць разыграны залатыя ўзнагароды ў жанчын у катэгорыях 45 кг, 48 кг і звыш 75 кг, затым на рынг выйдуць лепшыя байцы мінскага турніру, сярод якіх і беларусы Арцём Аванэсаў (63,5 кг), Дзмітрый Варэц (67 кг), Дзмітрый Валент (81 кг), Яўген Волчак (86 кг) і Дзяніс Ганчаронак (91 кг). Выйшаў у фінал і Вадзім Васькоў (71 кг), аднак у вырашальным паядынку ён прыняць удзел не зможа. Як адзначылі ў трэнерскім штабе беларускай каманды, характар пашкоджанняў пасля паўфінальнага паядынку не дасць магчымасці беларусу правесці паядынак у Палацы спорту.