10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На чэмпіянаце свету па біятлоне ў нарвежскім Холменколене сёння адбудзецца мужчынская індывідуальная гонка на 20 км з чатырма агнявымі рубяжамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У стартавы пратакол самай доўгай біятлоннай дыстанцыі ўнесены імёны 99 страляючых лыжнікаў, сярод якіх і чатыры прадстаўнікі Беларусі: Дзмітрый Дзюжаў (22-і стартавы нумар), Уладзімір Чапелін (38), Раман Елятноў (62), Юрый Лядаў (92).
Пакуль беларускія біятланісты выступаюць на сусветным першынстве не вельмі ўдала. У пяці папярэдніх асабістых гонках лепшы вынік з усёй беларускай каманды паказаў Уладзімір Чапелін, які заняў 13-е месца ў спрынце. У жанчын Надзея Скардзіна была 15-й у індывідуальнай гонцы. У змешанай эстафеце зборная Беларусі фінішавала на дзявятай пазіцыі.
У агульнакамандным медальным заліку ўпэўнена лідзіруе зборная Францыі, прадстаўнікі якой заваявалі 7 узнагарод - 4 залатыя, 2 сярэбраныя і 1 бронзавую. На другой пазіцыі нарвежцы - 5 медалёў (1, 2, 2), трэцяе месца ў нямецкай зборнай - 4 (1, 2, 2). Зборная Італіі заваявала адзін сярэбраны медаль, у каманды Украіны адна бронзавая ўзнагарода.
Акрамя сённяшняй гонкі на цяперашнім чэмпіянаце планеты пройдуць яшчэ 4:
11 сакавіка
жаночая эстафета 4х6 км;
12 сакавіка
мужчынская эстафета 4х7,5 км;
13 сакавіка
жаночы мас-старт 12,5 км,
мужчынскі мас-старт 15 км.
Пасля завяршэння планетарнага форуму вядучыя біятланісты перабазіруюцца ў расійскі Ханты-Мансійск, дзе з 17 па 20 сакавіка адбудзецца заключны этап Кубка свету.