9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі правядуць каля 70 мерапрыемстваў у час Еўрапейскага тыдня якасці і Сусветнага дня якасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарту.
Сустрэчы і семінары з арганізацыямі харчовай, лёгкай, будаўнічай, хімічнай, машынабудаўнічай, іншых галін і бізнесам па актуальных пытаннях прымянення тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, метралагічнай дзейнасці, функцыянавання сістэм менеджменту адбудуцца ў Мінску, Брэсце, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гродне, Калінкавічах, Лідзе, Полацку, Оршы, Слуцку, Пінску, Маладзечне. Акрамя таго, Дні адкрытых дзвярэй і Дні якасці правядуць практычна ўсе прадпрыемствы ведамства. Таксама запланаваны сустрэчы з навучэнскай моладдзю і грамадскімі арганізацыямі.
"На працягу ўжо больш як 25 гадоў у другі чацвер лістапада па ініцыятыве Еўрапейскай арганізацыі па якасці пры падтрымцы ААН адзначаецца Сусветны дзень якасці, а з сярэдзіны 90-х гадоў у яго рамках штогод праводзіцца Еўрапейскі тыдзень якасці. У 2015 годзе Сусветны дзень якасці адзначаецца 12 лістапада. Еўрапейскі тыдзень якасці праходзіць з 9 па 15 лістапада пад дэвізам "Якасць - эмоцыі - натхненне". Для Беларусі гэты дэвіз можа акцэнтаваць увагу на тым, што ў сучасных умовах пастаяннага ўзмацнення канкурэнцыі на рынках збыту стварэнне высакаякаснай прадукцыі, якая можа выклікаць у спажыўца эмоцыі захаплення, патрабуе новых крэатыўных ідэй і ўдасканалення працэсаў і тэхналогій распрацоўкі прадукцыі, а значыць - творчасці і натхнення ва ўсім", - падкрэслілі ў Дзяржстандарце.