18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Два экіпажы "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргея Вязовіча і Аляксандра Васілеўскага ўвайшлі ў дзясятку лепшых па выніках ралі-рэйду "Дакар-2019", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Удзельнікі прэстыжнага аўтамарафону фінішавалі 17 студзеня ў сталіцы Перу Ліме. Заключны дзясяты этап у заліку грузавікоў выйграў Тон ван Генугтэн з Нідэрландаў, які паказаў рэзультат 1 гадзіна 28 мін. Лепшы з беларусаў Аляксандр Васілеўскі заняў восьмае месца і прайграў пілоту з Нідэрландаў крыху больш за пяць мінут. Сяргей Вязовіч быў дзясятым.
У генеральнай кваліфікацыі перамог Эдуард Нікалаеў ("КАМАЗ-майстар"), яго партнёр па камандзе Дзмітрый Сотнікаў размясціўся на другой пазіцыі, прадстаўнік Нідэрландаў Жэрар дэ Рой (Iveco) стаў бронзавым прызёрам.
Сярэбраны прызёр ралі-рэйду 2018 года ў заліку грузавікоў Сяргей Вязовіч заняў шостае месца, Аляксандр Васілеўскі - восьмае.
Ралі-рэйд "Дакар-2019" прайшоў па тэрыторыі Перу і завяршыўся 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкі пераадолелі каля 5 тыс. км. Больш за палавіну маршруту складалі пясчаныя трасы з вялікімі дзюнамі і іншымі перашкодамі.