21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі фестываль авіяцыйнага спорту "#пранеба-2016" пройдзе 30-31 ліпеня на аэрадроме "Баравая" (Мінскі раён), паведамілі БЕЛТА арганізатары мерапрыемства.
Будуць праведзены спаборніцтвы з удзелам 16 мацнейшых верталётных экіпажаў з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Аўстрыі і Польшчы.
Больш за трыццаць лепшых беларускіх парашутыстаў рыхтуюцца ўстанавіць нацыянальны рэкорд і сабраць у свабодным падзенні фігуру, якая павінна пабіць рэкорд 2014 года - 20 чалавек. Удзел у гэтай акцыі патрабуе вялікага вопыту і сур'ёзных навыкаў, асабліва калі столькі парашутыстаў будуць адначасова знаходзіцца ў паветры. Да таго ж, "падаюць" яны са скорасцю звыш 200 км/гадз.
Менавіта Мі-26, самы вялікі ў свеце верталёт, падыме парашутыстаў у паветра. Таксама запланаваны дабрачынная акцыя і аўтограф-сесія з удзелам расійскага алімпійскага чэмпіёна, пастаноўшчыка і прадзюсара шоу на лёдзе Ільі Авербуха.
Гледачоў чакаюць розныя актыўныя зоны, прадугледжана шмат забаўляльных праграм для дзяцей. Мерапрыемства адбудзецца пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.