28 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Міжнародныя гісторыка-краязнаўчыя чытанні "Дняпроўскі паром" збяруць у Лоеве 6-8 жніўня ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лоеўскага райвыканкама.
Чытанні прысвечаны гісторыка-культурнай спадчыне Сярэдняга Падняпроўя. У іх прымуць удзел гісторыкі, археолагі, этнолагі, музейныя работнікі, выкладчыкі навучальных устаноў, краязнаўцы, мастакі і г.д. "Удзельнікі чытанняў абмяркуюць адносіны паміж народамі і дзяржавамі ў розныя перыяды гісторыі, перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва ў кантэксце трансгранічнага ўзаемадзеяння і іншыя тэмы", - адзначылі субяседнікі.
Работа будзе праходзіць па дзвюх секцыях: гістарычнай і краязнаўчай. Гістарычная секцыя ўключае тры асноўныя блокі: "Сярэдняе Падняпроўе VII-XIII стагоддзяў", "Гісторыя рэгіёна ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай", "Гісторыя рэгіёна ў ХІХ-ХХ стагоддзях". Праграма краязнаўчай секцыі прадугледжвае тэматычныя даклады, прэзентацыю дзіцячых даследчых работ, сустрэчы з вучонымі і творчай інтэлігенцыяй, паказ "Па-рознаму бывае" фальклорнага лялечнага тэатра "Душагрэі" (Масква) і іншыя пазнавальныя мерапрыемствы.
Па выніках плануецца выдаць зборнік дакладаў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць грамадская арганізацыя "Беларускі зялёны крыж", сямейны клуб "Нашчадкі Лоева" пры садзейнічанні музея бітвы за Днепр і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лоеўскага райвыканкама. Мерапрыемства рэалізуецца ў рамках праекта "Развіццё патэнцыялу сеткі сямейных клубаў у Чарнобыльскай зоне ў мэтах паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам.