20 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дні культуры В'етнама пройдуць у Мінску ў чэрвені 2018 года. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол В'етнама ў Беларусі Ле Ань сёння на мерапрыемстве ў Доме дружбы, прысвечаным вынікам беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва за 2017 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дыпламат адзначыў, што пасольства ўдзяляе вялікую ўвагу сферы культуры. "Мы спадзяёмся, што адносіны дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі будуць і далей развівацца і ўмацоўвацца на ўсіх узроўнях, у тым ліку і культурным", - сказаў ён.
Кіраўнік дыпламатычнай місіі асаблівы акцэнт зрабіў на гандлёва-эканамічных сувязях Беларусі і В'етнама. Ён выказаў упэўненасць, што сур'ёзны імпульс двухбаковым кантактам надаў візіт у Беларусь у гэтым годзе Прэзідэнта В'етнама Чан Дай Куанга і як вынік - падагульняючае падпісанне пакета дакументаў, у тым ліку сумеснай заявы, якая адлюстроўвае падобныя пазіцыі бакоў па многіх пытаннях міжнароднага і двухбаковага парадку дня. "Быў пацверджаны курс на паслядоўнае развіццё і ўмацаванне традыцыйна дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і В'етнамам", - дадаў Ле Ань.
Паводле слоў пасла, пасля візіту ўзрос абмен дэлегацыямі на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, правінцый В'етнама і рэгіёнаў Беларусі, а таксама ўмацавалася двухбаковае супрацоўніцтва.