18 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дні беларускай культуры адкрыліся ў Даўгаўпілсе (Латвія), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Дні беларускай культуры, арганізаваныя Цэнтрам беларускай культуры, праводзяцца штогод у рамках Дзён славянскай культуры. У адкрыцці мерапрыемства прынялі ўдзел члены рады і калектывы беларускага таварыства "Уздым", кіраўнік і члены беларускага таварыства з горада Вісагінаса (Літва), прадстаўнікі гарадской думы, расійскага, польскага, латышскага, украінскага нацыянальных таварыстваў.
Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе (Латвія) Уладзімір Клімаў у прывітальным слове адзначыў, што Дні культуры даюць магчымасць азнаёміцца са звычаямі, традыцыямі і асаблівасцямі нацыянальнай культуры, садзейнічаюць наладжванню ўзаемаразумення паміж людзьмі суседніх краін, павышэнню ўзаемнага даверу і робяць кожнага духоўна багацейшым.
Праграма Дзён беларускай культуры прадугледжвае творчыя вечары калектываў мастацкай самадзейнасці, майстар-класы па бісерапляценні, вязанні беларускіх паясоў, канцэрт песень на словы члена беларускага таварыства "Уздым", паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валадзько і інш. У мерапрыемствах будуць таксама ўдзельнічаць прадстаўнікі прыгранічных раёнаў Беларусі.
Пры садзейнічанні генконсульства адбылося адкрыццё Даўгаўпілскага філіяла Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Латвіі. На першым этапе інфармацыйны цэнтр забяспечыць доступ да матэрыялаў, што прадастаўляюцца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана старшынёй Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Латвіі Уладзіславам Рэдзькіным і кіраўніком Цэнтра беларускай культуры Жаннай Раманоўскай.
Акрамя таго, у Цэнтры беларускай культуры адкрыты Беларускі турыстычны інфармацыйны цэнтр.