25 верасня, Мінск /Аляксандр Новікаў - БЕЛТА/. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава наведала сёння Беларускі дзіцячы хоспіс і перадала сродкі, атрыманыя ад правядзення "Гонкі легенд", на будаўніцтва новага будынка хоспіса, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Супрацоўнікі хоспіса, бацькі дзяцей, напэўна, лепш за астатніх разумеюць, як важна здароўе родных і блізкіх. Сродкі, атрыманыя ад правядзення "Гонкі легенд", - наш невялікі ўклад у тую добрую справу, якой вы займаецеся", - адзначыла Дар'я Домрачава.
Біятланістка перадала сертыфікат на Br300 млн дырэктару Беларускага дзіцячага хоспіса Ганне Гарчаковай, зрабіла сэлфі з кожнай сям'ёй, якая прыйшла на сустрэчу, а маленькім пацыентам дасталіся падарункі ад трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі.
У снежні мінулага года ў Бараўлянах пачалося будаўніцтва новага комплексу хоспіса, у якім прадугледжаны прасторныя палаты, спецыяльныя ліфты, столевыя пад'ёмнікі, кухня. У новым комплексе маладыя спецыялісты будуць навучацца рабоце з невылечна хворымі дзецьмі. На сёння комплекс пабудаваны на 85 працэнтаў. "Засталося, здавалася б, крыху - аддзелачныя работы. Нашаму комплексу, калі ўсё зробім у тэрмін, не будзе аналагаў у СНД", - сказала Ганна Гарчакова.
Дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагае будаваць новы комплекс у Бараўлянах, увядзенне ў строй якога плануецца да канца бягучага года.