4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 86 працэнтаў рэспандэнтаў не плануюць выязджаць з Беларусі. Такія даныя тэлефоннага сацыялагічнага апытання карэспандэнту БЕЛТА прывёў намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Сухоцкі.
Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 8 па 22 лютага правёў тэлефоннае сацыялагічнае апытанне "Грамадскае меркаванне аб праблемах, якія хвалююць насельніцтва". Выбарка - 900 рэспандэнтаў.
Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: ці хацелі б вы выехаць з Беларусі?
Такіх планаў няма ў 86,5 працэнта апытаных. "Хацеў бы выехаць на пастаяннае месца жыхарства" - так адказалі 2,6 працэнта рэспандэнтаў, "Хацеў бы выехаць з мэтай часовай работы" - 8,6 працэнта. Не змаглі адказаць толькі 2,3 працэнта.
"На гэты момант такія пазітыўныя лічбы даволі аб'ектыўныя. Будзем гаварыць шчыра, цяпер няпростая геапалітычная сітуацыя ў свеце, ідзе спецыяльная ваенная аперацыя ў суседняй Украіне. Гэта ўсё, вядома ж, накладвае адбітак на міграцыйны выбар беларусаў, паскарае разуменне рызык, звязаных з пераездам за мяжу, робіць усё больш значным усведамленне каштоўнасці дома, роднай краіны. Мне здаецца, многія з тых, хто хацеў выехаць па тых ці іншых прычынах, гэта ўжо зрабілі раней", - адзначыў Мікалай Сухоцкі.
Беларусь сёння з'яўляецца бяспечным рэгіёнам для пражывання, які дае грамадзянам усе падставы, каб будаваць планы на будучыню, падкрэсліў намеснік дырэктара. "Менавіта таму абсалютная большасць апытаных беларусаў не плануюць выязджаць са сваёй краіны", - дапоўніў ён.