25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія спартсменкі заваявалі першыя медалі чэмпіянату Еўропы па боксе 2024 года, які праходзіць у сталіцы Сербіі Бялградзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў дзённай праграме прайшлі паўфінальныя баі ў жанчын, з шасці заяўленых на турнір беларусак да гэтай стадыі дайшлі дзве - Арына Данільчык і Вікторыя Кебікава. У катэгорыі да 70 кг Данільчык сустракалася з прадстаўніцай Венгрыі Рэгінай Лакаш. Дзяўчаты біліся на роўных, у выніку суддзі не змаглі прыйсці да адзінага меркавання, але раздзельным рашэннем перамога была прысуджана венгерцы (4:3).
Кебікавай у вазе да 81 кг процістаяла расіянка Алена Гапешына. Пратрымацца да канца бою нашай спартсменцы не ўдалося - саперніца дамінавала на рынгу, з-за чаго ў канцы другога раўнда рэферы прыняў рашэнне спыніць паядынак. Такім чынам, абедзве беларускія спартсменкі сталі ўладальніцамі бронзавых узнагарод, паколькі баі за трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы не прадугледжаны.
У вячэрняй праграме 25 красавіка адбудзецца паўфінальны паядынак у вагавой катэгорыі да 86 кг у мужчын з удзелам нашага Аляксея Алфёрава. Раней на турніры беларус перамог іспанца Пабла Берналя і грэка Дыянісіяса Псіхагіёса, пуцёўку ў фінал Алфёраў будзе аспрэчваць з італьянцам Вінчэнца Ліцы.