23 кастрычніка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Свята ткацтва "Карункі" 28 кастрычніка збярэ ў Лідзе майстрых з Гродзенскай і іншых абласцей Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
"На свяце будуць прадстаўлены арыгінальныя аўтэнтычныя вырабы, аўтарскія калекцыі ткачых Гродзеншчыны, пройдуць майстар-класы і творчыя сустрэчы, - расказала намеснік дырэктара АМЦ Наталля Рамановіч. - Спецыялісты азнаёмяць з асаблівасцямі ручнога ткацтва, яго гісторыяй і традыцыямі, прадэманструюць працэс стварэння тканых вырабаў. Госці свята змогуць убачыць, як збіраюцца кросны, закладваюцца ніткі, нараджаецца ўзор. На выставе будуць прадстаўлены таксама прыстасаванні для апрацоўкі лёну і атрымання ўзорыстага палатна: часалкі, церніца, трапло, прасніцы, верацёны, калаўроты, чаўнакі, цэўкі, сукалы, кросны".
Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, падкрэсліла Наталля Рамановіч. Традыцыі ткацкага рамяства захоўваюцца ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці, адзінаццаці старэйшым носьбітам ткацкіх традыцый прысвоена ганаровае званне "Народны майстар Рэспублікі Беларусь".
У Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці з 2021 года дзейнічае грамадскі кансультатыўна-практычны цэнтр па навучанні розным тэхнікам ткацтва. У ім праходзяць стажыроўкі майстры нроднай творчасці, паспяхова працуе майстэрня па навучанні ткацтву, дзе ўстаноўлены сем ткацкіх станкоў, працуюць тры вопытныя ткачыхі. Адна з іх - Валянціна Сільвановіч, спецыяліст па белаўзорыстым ткацтве Панямоння. Умельцы цудоўна валодаюць многімі тэхнікамі ткацтва, ствараюць ручнікі, палотны і тэкстыль, з якога шыюцца традыцыйныя нацыянальныя касцюмы.
У час свята адбудзецца канцэртная праграма "Паміж мінулым і будучым - як песняй ільецца рамяство", прысвечаная 20-годдзю аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці.