3 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Майстры польскага малюнка" з калекцый Падляскага музея ў Беластоку і Акруговага музея ў Сувалках (Рэспубліка Польшча) адкрыецца 5 кастрычніка ў музеі палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, паведамілі БЕЛТА ў гісторыка-культурнай установе.
Экспазіцыя змяшчае больш за 300 графічных работ вядомых польскіх мастакоў, якія працавалі ў XIX-XX стагоддзях. Сярод аўтараў - Юліюш Косак, Ян Матэйка, Міхал Элвіра Андрыёлі, Максімільян Герымскі, Альфрэд Веруш-Кавальскі і інш.
Выстава вызначаецца багатай жанравай разнастайнасцю твораў: прадстаўлены партрэты і карыкатуры, пейзажы і сюжэтныя замалёўкі, гістарычныя сцэны і фантасмагорыі. Арганізатары падкрэсліваюць, што асаблівай увагі заслугоўвае карціна "Прадстаўленне Барбары Радзівіл польскай шляхце", выкананая адным з найвялікшых гістарычных жывапісцаў XIX стагоддзя Янам Матэйкам, а таксама эскізы і накіды Станіслава Віткевіча і "Пейзаж" Максімільяна Герымскага.
Падляскі музей у Беластоку - самы вялікі ў Падляскім ваяводстве, створаны ў 1949 годзе. Акрамя экспазіцыі ў ратушы Беластока, функцыянуюць шэсць яго філіялаў. Калекцыю музея складае збор гістарычных артэфактаў і твораў мастацтва.
Акруговы музей у Сувалках заснаваны ў 1956 годзе. Яго экспазіцыю складаюць зборы твораў выяўленчага мастацтва, прадметы гісторыі, археалогіі і этнаграфіі.
Для гамяльчан і гасцей горада над Сожам выстава "Майстры польскага малюнка" будзе дастапна да 19 лістапада.