15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі на 1 мая пражываюць 122,1 тыс. шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваюцца амаль 400 тыс. дзяцей, гэта значыць кожнае пятае дзіця ў рэспубліцы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Падтрымка сем'яў з дзецьмі - нацыянальны прыярытэт. Шлюб, сям'я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, і гэта закладзена ў Канстытуцыі Беларусі.
Сем'ям пры нараджэнні, усынаўленні трэцяга або наступнага дзіцяці назначаецца сямейны капітал. З 1 студзеня 2023 года яго памер складае Br29 950. У 2023 годзе на прадастаўленне сямейнага капіталу ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана Br430 млн.
У ААТ "ААБ Беларусбанк" за ўвесь перыяд рэалізацыі праграмы адкрыта амаль 126 тыс. укладаў "Сямейны капітал", на якія залічана $826 млн і больш за Br1 млрд. У I квартале бягучага года адкрыта 4 тыс. рахункаў.
На 1 мая прынята больш за 68 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам, з іх 83 працэнты - на вырашэнне жыллёвых пытанняў сям'і, 7 працэнтаў - на атрыманне адукацыі, 10 працэнтаў - на медпаслугі.
У цэлым расходы дзяржбюджэту на меры сацыяльнай абароны сем'яў з дзецьмі штогод складаюць звыш 3 працэнтаў ВУП. Сацыяльная абарона сям'і ў Беларусі забяспечваецца праз прадастаўленне дзярждапамог пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, сямейнага капіталу пры нараджэнні трэцяга альбо наступнага дзіцяці, адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльных паслуг, гарантый у сферы працы, пенсійнага забеспячэння, жыллёва-крэдытных адносін і ў іншых сферах жыццядзейнасці сям'і.
У Беларусі 15 мая адзначаецца Дзень сям'і. Гэты дзень прызначаны прыцягнуць увагу да сям'і як важнейшага сацыяльнага інстытута. Да свята прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў, якія праходзяць па ўсёй краіне.