21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 180 фільмаў з 60 краін свету прымуць удзел у XXII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад", які пройдзе ў Мінску з 6 па 13 лістапада. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Святлана Ярашэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Усяго ў праграме фестывалю заяўлены 184 карціны з 60 краін. Гэта 91 ігравы фільм, 70 неігравых, 23 анімацыйныя, сказала Святлана Ярашэвіч. У мінулым годзе на фестывалі былі заяўлены 47 краін.
Паводле слоў спецыяліста, на правядзенне фестывальных мерапрыемстваў з бюджэту выдзяляецца амаль 60 працэнтаў сродкаў. Па традыцыі на фестывалі будуць уручаны спецыяльныя прызы.
Арганізатар галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Заснавальнікі - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.