14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі Беларускага тэлеграфнага агенцтва і Дзяржінфармагенцтва Туркменістана (ТДХ) сёння ў фармаце відэаканферэнцыі абмеркавалі напрамкі ўзаемадзеяння і абмену навінамі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Анлайн-сустрэча прайшла па выніках падпісанага нядаўна мемарандума аб супрацоўніцтве паміж двума агенцтвамі, які прадугледжвае аператыўны абмен навінамі, фота- і відэаінфармацыяй аб падзеях у абедзвюх краінах.
Кіраўнік ТДХ Бекдурды Амансарыеў расказаў аб актуальных падзеях у Туркменістане і тэмах, якія закранаюць беларуска-туркменскія адносіны.
Ірына Акуловіч
У сваю чаргу гендырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч падзякавала туркменскім калегам за прапанову правесці відэаканферэнцыю і выказала ўпэўненасць, што ў Туркменістане адбываецца шмат яркіх падзей, якія будуць цікавыя беларускай аўдыторыі.
У час відэаканферэнцыі абмяркоўваўся абмен навінамі паміж агенцтвамі: на інфармацыйных пляцоўках БЕЛТА і ТДХ былі апублікаваны матэрыялы аб падзеях ваенных гадоў і ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Таксама разглядаліся асаблівасці работы журналістаў ва ўмовах пандэміі каранавіруса і тыя меры, што прымаюцца агенцтвамі па прафілактыцы заражэння.
Па выніках перагавораў бакі актуалізавалі механізм абмену навінамі і шляхі рэалізацыі дамоўленасцей, замацаваных у мемарандуме аб супрацоўніцтве.