4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы выйгралі тры залатыя медалі на дзіцячых Дэльфійскіх гульнях у Бішкеку. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства культуры.
У скарбонцы беларускай дэлегацыі - золата Кірыла Белацаркоўскага (намінацыя "Фартэпіяна"), Сафіі Шкулепа ("Скрыпка") і Багдана Філіповіча ("Народныя спевы"), сярэбраны медаль заслужанага аматарскага калектыву, ансамбля "Сузор'е" (намінацыя "Народны танец") і спецыяльны дыплом Гульняў Мацвея Маліноўскага ў намінацыі "Выяўленчае мастацтва".
Дзіцячыя Дэльфійскія гульні дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў праходзяць у Бішкеку з 30 верасня па 5 кастрычніка. Удзел у іх прымаюць юныя таленты ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Расіі, Туркменістана, Кыргызстана. Беларусь прадстаўляюць 16 чалавек у 7 намінацыях конкурснай і фестывальнай праграмы: фартэпіяна, скрыпка, эстрадныя спевы, народныя спевы, выяўленчае мастацтва, мастацкія рамёствы і народны танец.