20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Башкортастана Радзій Хабіраў падтрымаў ідэю стварэння на башкірскай зямлі папуляцыі беларускіх зуброў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Радзій Хабіраў цяпер знаходзіцца з рабочым візітам у Беларусі.
У сваім новым паведамленні ў сацсетках ён выклаў фатаграфію з драўлянай сувенірнай фігуркай зубра. "У гэтым ёсць пэўны сэнс, - напісаў кіраўнік рэгіёна. - Сёння сярод шматлікіх абмеркаванняў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю мы дамовіліся, на мой погляд, аб вельмі цікавым беларуска-башкірскім праекце - стварыць папуляцыю зуброў у Башкортастане". Радзій Хабіраў паведаміў, што беларускія калегі гатовы перадаць Башкортастану некалькі асобін.
Кіраўнік Башкортастана сустрэўся ў Мінску з кіраўніком спраў Прэзідэнта Беларусі Юрыем Назаравым. Абмяркоўваліся пытанні развіцця міжнароднага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў у розных галінах эканомікі.
Арыгінальную прапанову па гадоўлі ў Башкортастане папуляцыі беларускіх зуброў унёс кіраўніку Башкортастана Юрый Назараў. Гэту ідэю Радзій Хабіраў з цікавасцю падтрымаў. "Наша зона адказнасці - сфарміраваць для іх умовы для жыцця і адаптацыі ў нас. Слова за нашымі вучонымі. Упэўнены, гэта будзе вельмі цікавы праект", - рэзюмаваў кіраўнік Башкортастана.