11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі праект "Wake Up NEO..." выйшаў у паўфінал міжнароднага хакатону NASA Space Apps Challenge 2016. Да 15 мая мінскую каманду можна падтрымаць у галасаванні на сайце конкурсу, паведамілі БЕЛТА ў Мінскім планетарыі.
Упершыню хакатон NASA Space Apps прайшоў у Мінску ў канцы красавіка. Праект беларусаў "Wake Up NEO..." апынуўся ў спісе 25 лепшых ідэй з усяго свету і атрымаў шанц на перамогу. Над "касмічным" праектам працавалі мінчане Аляксандр Мікуліч, Максім Пілецкі, Аляксей Міюсаў, Сяргей Бялько і Павел Кумейша.
"Канчатковая мэта - ідэнтыфікацыя, супастаўленне і класіфікацыя астэроідаў, у тым ліку небяспечных для Зямлі, - расказаў загадчык Мінскага планетарыя і адзін з аўтараў праекта Аляксандр Мікуліч. - У тэорыі гэта можа дапамагчы чалавецтву пазбегнуць долі дыназаўраў".
Прагаласаваць за праект, што спадабаўся, можна адзін раз у суткі да 15 мая. Пяць ініцыятыў, якія будуць мець найбольшую падтрымку, трапяць у фінал конкурсу. Галоўны прыз - магчымасць назіраць запуск касмічнага апарата з мыса Канаверал.
Хакатон NASA Space Apps сабраў у бягучым годзе больш як 1,2 тыс. праектаў са 160 гарадоў па ўсім свеце.