17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сталі вядомы імёны першых шаснаццаці хакеістаў, якія прымуць удзел у снежаньскім Матчы зорак Кантынентальнай хакейнай лігі ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу КХЛ.
Першым этапам адбору ігракоў на "зорны ўік-энд" стала галасаванне балельшчыкаў, якія выбралі 16 хакеістаў - па 4 з кожнага дывізіёна КХЛ. Ад дывізіёна Тарасава на Матч зорак фанаты другі год запар дэлегавалі галкіпера мінскага "Дынама" Аляксея Коласава і нападаючага "зуброў" Віталя Пінчука. У сезоне 2023/24 Коласаў згуляў за сталічны клуб 11 матчаў, дзе атрымаў чатыры перамогі пры 92,3 працэнта адбітых кідкоў і каэфіцыенце надзейнасці 2,01. Пінчук у 17 гульнях за мінчан зарабіў 13 выніковых балаў, закінуўшы 7 шайбаў і аддаўшы 6 галявых перадач.
Удзельнікам Матчу зорак КХЛ - 2023 стане яшчэ адзін беларускі хакеіст - Яўген Лісавец, які выступае за "Адмірал" з Уладзівастока. Ён выбраны на "зорны ўік-энд" упершыню ў кар'еры. У гэтым рэгулярным чэмпіянаце наш абаронца правёў у форме "маракоў" восем матчаў і зрабіў дзве выніковыя перадачы. 14-ы Матч зорак Кантынентальнай хакейнай лігі пройдзе 9-10 снежня ў Санкт-Пецярбургу на новай "СКА Арэне".