10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія зубры адправяцца ў Башкортастан, паведамілі БЕЛТА ў Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дэлегацыя спецыялістаў з Башкортастана азнаёмілася з папуляцыяй беларускіх зуброў у Белавежскай пушчы. На працягу трох дзён прадстаўнікі профільных ведамстваў з гэтага рэгіёна знаходзіліся ў нацыянальным парку "Белавежская пушча" для вывучэння жыцця зуброў у прыродных умовах, асаблівасцей іх развядзення і ўтрымання.
Дэлегацыя ў складзе кіраўнікоў і спецыялістаў Дэпартамента аграпрамысловага комплексу і прыродакарыстання ўрада Башкортастана, Міністэрства экалогіі, упраўлення Рассельгаснагляду, упраўлення ветэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі, а таксама генетыкі і жывёлаводы Уфімскага навуковага цэнтра Акадэміі навук РФ прыбылі для практычнай рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых на сустрэчы кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі Юрыя Назарава і кіраўніка Башкортастана Радзія Хабірава ў Мінску. Прапанову аб перадачы некалькіх асобін зубра для развядзення на башкірскай зямлі ўнёс Юрый Назараў, а кіраўнік расійскага рэгіёна гэту ідэю з цікавасцю падтрымаў.
Паводле ацэнак спецыялістаў, якія пабывалі ў Белавежскай пушчы, якіх-небудзь перашкод для развядзення гэтых велічных жывёл у Башкортастане няма. Яны змогуць там нармальна адаптавацца. Паводле папярэдніх ацэнак, плануецца набыццё каля 18-20 асобін. У час праведзенага візіту бакі абмеркавалі ўсе дэталі рэалізацыі праекта і гатовы пачаць падрыхтоўку і афармленне неабходнай дакументацыі. На фінальнай сустрэчы прадстаўнічай башкірскай дэлегацыі з намеснікам кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалаем Рагашчуком бакі абазначылі паслядоўнасць дзеянняў, абмеркавалі тэхнічныя аспекты дастаўкі жывёл і вызначылі тэрміны. Такім чынам, беларускаму зубру ў Башкірыі быць.
Колькасць зубра ў Белавежскай пушчы значная, жывёлы кожны год прыносяць немалы прыплод, таму ёсць магчымасць іх рэалізацыі іншым нацыянальным паркам для пашырэння папуляцыі.