9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Лондане адбылася жараб'ёўка матчаў плэй-оф за выхад у Сусветную групу розыгрышу Кубка Федэрацый. Тэнісісткі зборнай Беларусі сустрэнуцца з камандай Расіі. Матч пройдзе 16-17 красавіка на пляцоўцы расіянак, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У мінулыя гады беларускія і расійскія тэнісісткі сустракаліся паміж сабой 3 разы. У актыве беларусак дзве перамогі (1995, 1996), расіянкі перамаглі толькі аднойчы (1997). Усе папярэднія матчы праходзілі на розных стадыях спаборніцтваў у першай групе Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Федэрацый.
Беларускія тэнісісткі сёння вярнуліся дадому з Квебека, дзе паспяхова правялі матч другой Сусветнай групы Кубка Федэрацый, адолеўшы канадскую каманду з лікам 3:2. Пасля гэтай перамогі зборная Беларусі ўзнялася на 12-е месца ў жаночым камандным рэйтынгу. Іх будучыя саперніцы расіянкі ў чвэрцьфінале элітнага дывізіёна прайгралі ў сябе дома камандзе Нідэрландаў (1:3) і займаюць цяпер 2-е месца ў сусветным рэйтынгу.
Астатнія пары плэй-оф за выхад у Сусветную групу:
Іспанія - Італія,
Румынія - Германія,
Аўстралія - ЗША.
Пераможцы атрымаюць права згуляць у наступным сезоне сярод мацнейшых каманд, а прайграўшыя застануцца ў другім па рангу дывізіёне.
Таксама 16-17 красавіка адбудуцца паўфінальныя матчы элітнай групы Кубка Федэрацый: Швейцарыя - Чэхія, Францыя - Нідэрланды. Пераможцы паўфіналаў 12-13 лістапада разыграюць галоўны прыз неафіцыйнага чэмпіянату свету сярод жаночых каманд. У мінулым годзе трыумфатарам стала зборная Чэхіі, якая перамагла ў фінале расійскую каманду з лікам 3:2. Акрамя таго, чэшскія тэнісісткі выйгравалі Кубак Федэрацый яшчэ 3 разы (2011, 2012, 2014).